Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў з пастырскай візітацыяй парафіі ў Бараўлянах і Раўбічах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.03.2016 17:44
11 сакавіка ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах і парафіі Cвятога Мацвея ў Раубічах адбылася пастырская візітацыя дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, падчас якой іерарх наведаў капліцы, у якіх моляцца вернікі дзвюх парафій, а таксама салезіянскі араторый імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах, які дзейнічае з верасня 2014 года.
 
Хвалюючы і чаканы момант сустрэчы і дыялогу біскупа з вернікамі бараўлянскай парафіі адбыўся ўвечары. Дарослыя і дзеці ў чаканні іерарха стварылі жывы калідор са свечак ад вулічнай брамы да ўваходу ў капліцу, падрыхтавалі хлеб, соль і кветкі, а таксама словы на прывітанне пастыра.
 
 
Прадстаўнікі моладзі парафіі папрасілі біскупа не звяртаць увагу на пустыя далоні, з якімі парафіяне стаяць перад ім у капліцы, але ўбачыць іх сэрцы, справы, прагненні і веру. Прадстаўнікі касцёльнага камітэту, вітаючы іерарха, адзначылі сярод іншага, што з моманту заснавання парафіяльная супольнасць з некалькіх чалавек вырасла да дзвюх тысяч, але чым менш вольнага месца ў капліцы, тым бліжэй парафіяне адзін да аднаго. 

Агульную радасць святароў і парафіян ад сустрэчы з іерархам выказаў у сваёй прамове пробашч парафіі кс. Казімір Шыдэлка SDB, запрасіўшы біскупа адчуваць сябе, як дома.

Затым у капліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх падзяліўся разважаннямі пра тое, што значыць вучыцца ў Хрыста і быць хрысціянамі ў сучасным свеце, што значыць выконваць Божую волю, нягледзячы на перашкоды, не палохаючыся асуджэння і неразумення. 
 

 
Прыкладам паслужыла гісторыя самой бараўлянскай парафіі, за якой Яго Эксцэленцыя сочыць з пачатку асвячэння пляцоўкі пад будаўніцтва капліцы. 

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп адзначыў высокі ўзровень спеваў парафіяльнага хору і паслугі міністрантаў, дадаўшы, што ягоныя пахвальныя словы – гэта заахвочванне не спыняцца і не зніжаць планкі. 

Пасля святой Імшы адбылася сустрэча біскупа з удзельнікамі розных супольнасцяў і малітоўных рухаў, якія дзейнічаюць пры парафіях. Нягледзячы на позні час, на сустрэчу засталіся не толькі ўдзельнікі малітоўных рухаў, але і іншыя парафіяне. Ва ўтульнай атмасферы вернікі распавялі іерарху аб сваёй дзейнасці, падзяліліся клопатамі і надзеямі, а на заканчэнне атрымалі пастырскае благаслаўленне.

Тэрэса Клімовіч
фота Івана Іватовіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.