12 сакавіка ў араторыі св. Яна Боско прайшла сустрэча руху факаляраў і іх сяброў, каб узгадаць заснавальніцу руху К’яру Любіч. Задоўга да Другога Ватыканскага Сабору К’яра Любіч разам з невялікім колам адзінадумцаў заклікала біскупаў, святароў і свецкіх стварыць братэрства ўсіх людзей, жыць «у свеце, але не са свету», ставіць іншага чалавека на першае месца.
«Я жыву ў імя ўсеагульнага братэрства, — казала К’яра. — Любоў — гэта служэнне. Занадта проста даваць міласціну аднаму, іншаму, а жыць жыццём іншага чалавека, старацца несці яго цяжар — гэта сур’ёзна, гэта хрысціянства».
Сустрэча пачалася з кінапрэзентацыі пра гісторыю і дзейнасць руху. Затым удзельнікі падзяліліся сваімі сведчаннямі пра тое, як яны пазнаёміліся з рухам, як адкрылі для сябе новае стаўленне да людзей — з пункту гледжання любові, як навучыліся новай адкрытасці да прадстаўнікоў розных рэлігій незалежна ад таго, адзінадумцы яны ці не. 
Галоўная тэма — «Мы нясём адзінства ў свет» — стала дамінуючай на сустрэчы. Удзельнікі руху распавялі пра тое, як харызма К’яры Любіч дапамагае ім будаваць адносіны і як яны «адкрылі» Евангелле для сябе, як закон штодзённага жыцця. Разказвалі пра любоў да бліжняга і тое, як гэтая любоў дапамагае кантактаваць і чыніць дабро.
У другой частцы праграмы быў прадстаўлены факаляр (невялікі цэнтр супольнасці), які адкрыўся ў Мінску 22 лютага. У 1943 годзе ў Касцёле нарадзілася новае пакліканне факалярынаў — гэта пакліканне свецкіх, якія цалкам прысвячаюць сябе Богу, для рэалізацыі Яго запавету «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). К’яра Любіч у адным са сваіх тэкстаў напісала аб пакліканні факалярынаў так: «Самае патаемнае духоўнае патрабаванне нашага часу — імкнуцца да вышыняў сузірання і заставацца сярод людзей, чалавек побач з чалавекам. Згубіцца ў натоўпе і ўносіць у яго боскую закваску, падобна таму, як віно насычае лусту хлеба...» (кніга «Разважанні»). 
Напрыканцы сустрэчы была пададзена інфармацыя пра ўсе сустрэчы і рэкалекцыі, запланаваныя супольнасцю факаляраў у 2016 годзе.
Анжэліка Папкоўская Фота Ірыны Рубінавай
|