16 сакавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый
Касабуцкі здзейсніў візітацыю мінскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і
Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно (мр-н Зялёны луг), якая стала першай
кананічнай візітацыяй у гісторыі парафіі. Перад святой Імшой пасля ўрачыстага прывітання прадстаўнікамі парафіі іерарх у знак памяці атрымаў ад парафіян сувенір — брэлокі для ключоў на любы густ.
Пробашч парафіі а. Дзмітрый Занямонскі OMI, даючы кароткую справаздачу пра дзейнасць парафіі, адзначыў, што парафія аблатаў у Мінску дзейнічае з 2007 года, а з 2012 года айцы нясуць душпастырскую працу ў капліцы свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно, якая знаходзіцца пры Душпастырскім цэнтры ККББ.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі разважаў на тэму веры і даверу Богу. Іерарх заўважыў, што нават у людзей, якія называюць сябе атэістамі, існуе інстынкт веры, які праяўляецца ў найбольш стрэсавых сітуацыях.
«У пошуках веры знаходзіліся і юдэі, сустрэўшыся з Езусам. Яны бачылі і чулі шмат, але ў іх былі сумненні. Езус кажа: вера і давер Богу — найважнейныя», - сказаў біскуп.
Што значыць «быць чалавекам веруючым»?
Звяртаючыся да прысутных вернікаў, біскуп прапанаваў задумацца над шэрагам пытанняў: «Што значыць быць чалавекам веруючым? Ці ўмеем мы жыць з Хрыстом? Як выглядае наша малітва з Богам? Ці знаходзім мы час на малітву? Які матыў нашага прыходу ў святыню?»
Па словах біскупа, вера складаецца з таго, чым і як жыве чалавек.
«За дзве тысячы гадоў нічога новага ў запаведзях Бога не дадалося. Але часта чалавек стварае сабе свайго Бога і свой маральны кодэкс, звяртаючы ўвагу толькі на сябе і лёгка згаджаючыся на грэх», - адзначыў біскуп.
Іерарх дадаў, што ў сённяшнім свеце чалавек часта не называе рэчы сваімі імёнамі, маскіруючы такім чынам свой грэх. Біскуп нагадаў, наколькі важна сёння быць верным Богу, захоўваючы маральныя каштоўнасці. «Узнагародай для чалавека стане прысутнасць з Богам у Нябесным Валадарстве», — заключыў іерарх.
Прыгадваючы гісторыю мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, гадавіну асвячэння якога Касцёл у Беларусі адзначаў 16 сакавіка, біскуп Юрый Касабуцкі назваў мінскую архікатэдру сімвалам аднаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго жывой гісторыяй.
Напрыканцы іерарх падзякаваў парафіянам за цёплую атмасферу і паабяцаў малітву ў інтэнцыі хутчэйшага будаўніцтва святыні свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно.
«Касцёл — гэта найперш вы — парафіяне. Менавіта вы ўтвараеце супольнасць, і дзякуючы вам Касцёл жыве і развіваецца. Гледзячы на маладыя сем’і і дзяцей у парафіі, можна смела сказаць: у Касцёла ёсць будучыня», — заключыў біскуп.
Ілья Лапато, фота аўтара
|