19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў парафіі Святога Юзафа ў Валожыне.
Падчас святой Імшы арцыпастыр павіншаваў усіх, хто ў гэты дзень адзначае імяніны, а таксама ўсіх вернікаў валожынскай парафіі, пажадаўшы ім заступніцтва свайго нябеснага апекуна.
Мітрапаліт нагадаў у гаміліі звесткі пра святога Юзафа з Евангелля, паводле якіх бачна, што «Юзаф быў выбраны Богам, каб адыграць вялікую ролю ў гісторыі збаўлення».
Ва ўсходняй літургіі святога Юзафа пачалі ўспамінаць у IV стагоддзі, а ў заходняй — у VIII. У 1621 г. Папа Грыгорый XV пашырыў гэты ўспамін на ўвесь Касцёл. Папа Бэнэдыкт XIII у 1726 г. уключыў святога Юзафа ў Літанію да Усіх святых. У 1847 г. Папа Пій IX абвясціў святога апекуном Касцёла.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што Каталіцкі Касцёл прадстаўляе святога Юзафа прыкладам такіх цнотаў, як «паслухмянасць Богу, вера, працавітасць, мужнасць, справядлівасць, чысціня, чыстая любоў, пакора, беднасць, цішыня, самакантроль» і іншыя. Святы Юзаф таксама «з’яўляецца ўзорам мужнасці і бацькоўства».
«Як галава Святой Сям’і, ён быў адораны Богам выключнай ласкай і даверам, якія праявіліся ў тым, што Бог даверыў яго апецы Марыю і Езуса. Таму Каталіцкі Касцёл лічыць яго выключнай постаццю, вартай глыбокай пашаны і прыкладу», — адзначыў Мітрапаліт.
Таксама, звярнуў увагу іерарх, літургічныя чытанні гэтага дня нагадваюць, што святы Юзаф паходзіў з каралеўскага роду, быў нашчадкам караля Давіда.
«Узяўшы Марыю сабе за жонку і стаўшы апекуном Езуса, ён як быццам адмовіўся ад свайго каралеўскага сану на карысць Езуса. Дзякуючы яму, будучы Валадаром Божага Валадарства, Езус легальна стаў сапраўдным Валадаром гэтага свету, — сказаў арцыбіскуп. — Дзякуючы апецы святога Юзафа, Езус змог выканаць сваю місію збаўлення чалавека і адраджэння Божага Валадарства на зямлі».
«Бог выбраў кожнага з нас для канкрэтнай місіі. І мы павінны браць прыклад са святога Юзафа, каб яе выканаць, каб дзякуючы нам Бог мог ажыццяўляць свой план», — падкрэсліў Мітрапаліт і дадаў, што для гэтага неабходна быць падобнымі да святога Юзафа, найперш «быць “людзьмі справядлівымі” — тымі, якія жывуць згодна з Божай воляй». (AG)
|