Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З рубрыкі «Гавораць дзеці»: «Мы прыйшлі, каб памахаць вярбой Сыну Божаму»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.03.2016 13:29

У адмысловай рубрыцы на пытанні Сatholic.by адказваюць дзеці, якія прыйшлі на Пальмовую нядзелю ў мінскі архікатэдральны касцёл. Што такое Пальмовая нядзеля? Чаму ўсе прыходзяць з вербачкамі? І кім мараць стаць дзеці ў будучыні?

Шмат дзяцей у гэты дзень адмыслова прыйшлі на ранішнюю Імшу, каб пабачыць восліка, працэсія з якім традыцыйна праходзіць ля архікатэдры ў Пальмовую нядзелю. Самым нецярплівым удалося таксама пакатацца на асляняці.

Аліна Лудзіноўская:

— Мяне завуць Аліна. Я прыйшла сёння з татам.

— А што ў цябе ў руках такое прыгожае?

— Вербачка. Мы яе набылі тут і забяром дадому.

— А што сёння асаблівага? Чаму ўсе прыходзяць з такімі галінкамі?

— (саромееца і туліцца да таты, пасля паўзы ціхенька дадае) Каб хрысціць Езуса...

***

Аліна Жукава (4 гады):

— А як цябе завуць?

(дзяўчынка ўсміхаецца і маўчыць)

Мама дзяўчынкі:
— Ну, не бойся. Скажы.



— Давай я тады ўгадаю. Алёна? Саша? Святлана? Міла? Каця? Таня?

(дзяўчынка ўсміхаецца яшчэ шырэй і пасля кожнага імені адмоўна круціць галавой)

— Маё імя Аліна і мне чатыры гады.

— Аліна, а што сёння за такі дзень асаблівы, чаму ты сёння сюды прыйшла?

(дзяўчынка усміхаецца і маўчыць)

Мама дзяўчынкі:
— Ну, скажы: Су-стрэць Па-на Е-зу-са.

— Су-стрэ-ць Па-на Езу-са. Яшчэ я бачыла восліка, мне ён спадабаўся.

— А кім ты хочам стаць, як вырасцеш?

— Як вырасту, стану ўрачом.

***

Міла (7 гадоў) і Маша (5 гадоў) Навумавы:



Міла:
— Мы сёстры.

— А чаму вы сёння прыйшлі? Што сёння за дзень такі незвычайны?

— Мы прыйшлі, каб Езуса прывітаць. І я ведаю, чаму мы прыходзім з вербачкамі, а не з пальмамі (натхнёна расказвае). Сказаць?

Мама дзяўчынак:
— Міла ў нас ужо ходзіць на катэхетычныя заняткі, таму ўсё ведае (усміхаецца - заўв. аўт.).

Міла:
— У нас не растуць пальмы, таму пальмы ў нас прыдумалі замяняць на вербы. Думаю, калі б у нас раслі пальмы, то мы б прыходзілі з лісточкамі ад пальмаў.

— А ці бачыла ты, як выглядае пальма?

Міла:
— Так. Мама, ці помніш, мы ж бачылі!

Маша:
— А яшчэ мы хацелі пакатацца на восліку.

— Вы ўжо думалі, кім хацелі б стаць, як вырасцеце?

Маша:
— Я яшчэ не ведаю.

Міла:
— І я не ведаю.

Мама дзяўчынак:
— Міла, ты ж мне неяк казала, што выхавацельніцай?

(Міла ўсміхаецца і паціскае плячыма).

***

Фотаімгненні дзіцячай радасці


***

Соня Кандрацьева (5 гадоў):

— Я Соня, мне пяць з паловай гадоў.

— Соня, а чым адметны сённяшні дзень?

— Мы прыйшлі з бабуляй.

Бабуля (падказваючы):

— Памаліцца, каб усе былі здаровыя, каб атрымалі Божую ласку ад Бога.

Дзяўчынка:
— Так.

Бабуля:
— Мінулы раз мы былі тут разам з нашым дзядулем, але сёння ён не змог прыйсці з намі, бо знаходзіцца ў шпіталі. Таму без яго нам вельмі сумна...

***

Паліна Кірэй (6 гадоў):

— Я Паліна. Мне шэсць гадоў і я вучуся ў першым класе.

— Якая прыгожая ў цябе вярба! Вы яе тут куплялі?

— Так. Толькі гэта не мая вярба. Вунь мая (паказвае на вярбу сястры і хуценька мяняецца вербамі, забіраючы сваю — заўв. аўт.). Мы проста памяняліся.

— А восліка ты бачыла?

— Не.

(у гэты момант побач якраз праводзяць восліка)

— О, убачыла! Я хачу на ім пакатацца!

***

Саша Сязоў (6 гадоў):

— Мы прыйшлі сёння, каб памахаць вярбой Сыну Божаму.

— А што сёння было яшчэ незвычайнага?

— Я бачыў восліка.

— А што найбольш спадабалася?

— Вослік!

— А кім ты хочам стаць, калі вырасцеш?

— Індзейцам.

(Мама хлопчыка здзіўлена смяецца)

Размаўляў Ілья Лапато, фота аўтара


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.