Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мы майструем тое, што купілі б самі»: прадаючы вырабы да Вялікадня, моладзь мінскай парафіі збірае сродкі на СДМ у Кракаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.03.2016 09:02

Ганна Тарас і Вольга Драбата з мінскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ўжо вызначыліся з тым, як правядуць лета. У складзе парафіяльнай моладзі, якой апякуюцца айцы аблаты, дзяўчаты збіраюцца ў Кракаў на Сусветныя дні моладзі.

Паездка на аднаго чалавека абыйдзецца ў іх групе ў 240 еўра. Каб неяк аблегчыць сабе задачу, дзяўчаты пачалі майстраваць сувеніры да Вялікадня, а таксама вербы да Пальмовай нядзелі, каб пасля прадаваць усё гэта ў парафіі за ахвяру.

За творчым працэсам вырабу вербаў і выпяканнем велікодных ягнят з мукі паназіраў і журналіст Catholic.by.

Усё прыгожа і ручной работы

Мы гутарым напярэдадні Пальмовай нядзелі. За акном хутка і часта падаюць на зямлю сняжынкі, якія сіверны вецер укідвае мінакам акурат у твар, прымушаючы іх глыбей захутвацца ў шалік.

Вунь ля плота толькі што прабег чыйсьці сабака з застылымі на пысе ледзяшамі — мароз набірае моц. Быццам і не сакавік зусім.

І пакуль Ганна частуе мяне гарачай гарбатай, Вольга, на хвіліну адклаўшы звязаныя галінкі вярбы, прыносіць аднекуль цэлы кош нарыхтаваных ужо вырабаў да Вялікадня, каб паказаць і расказаць пра кожны з іх.

На фота: Вольга Драбата сёлета заканчвае прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. Кядышкі

Чаго тут толькі няма! Велікодныя магніты на лядоўню, зайцы і трусяняты з банцікамі і бубеньчыкамі ў стылі хэнд-мэйд, печаныя фігуркі ягнят... Усё такое стракатае, мініяцюрнае — і ўсё ручной работы.

«Каб сшыць адзін такі магніт, патрэбна хвілін 40, — праводзіць лікбез Ганна. — Увогуле, мы імкнуліся рабіць такія рэчы, якія маглі б карыстацца попытам. Майструем тое, што купілі б самі».

Звяртаю ўвагу на пашытага з тканіны пухнатага зайца зялёнага колеру і мацаю яго па баках.



«Для вырабу зайцаў мы выкарыстоўвалі фетр, — тлумачаць дзяўчаты. — А ў спалучэнне з такімі вось драўлянымі пруткамі фігуркі можна выкарыстоўваць у якасці дэкору для кветак у гаршках.

Увогуле для вырабаў, акрамя фетру, мы выкарыстоўваем паперу, ленты, стразы, бусінкі, мулінэ і г.д. Усё тое, што нейкім чынам можа быць выкарыстана як упрыгажэнне».

Падрыхтаванай прыедзе моладзь з мінскай парафіі аблатаў і ў Кракаў: дзяўчаты паказваюць сімволіку айцоў аблатаў, нанесеную на цішоткі, з якімі моладзь будзе ў Кракаве.

«Мы падрыхтавалі свае асобныя цішоткі з надпісам "Моладзь OMI". Вось так рыхтуемся», — дадаюць дзяўчаты

Хобі з карысцю

Ганна прызнаецца, што вышыванне і майстраванне сваімі рукамі — яе хобі. У Вольгі гэта захапленне больш прафесійнае: дзяўчына вучыцца ў каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Летась дзяўчаты ўжо практыкаваліся ў вышыванні, калі майстравалі мяккія цацкі ў падарунак адно аднаму. Рабілі ў мінулым годзе і вербы, але сродкі, назбіраныя з ахвяраванняў вернікаў, пайшлі тады на патрэбы парафіі.

На які прыбытак разлічваюць дзяўчаты сёлета?

«Спачатку паглядзім, як “пойдуць” зробленыя намі рэчы, нешта планаваць можна будзе далей. Пакуль мы проста робім тое, што любім, не думаючы асабліва пра прыбытак», — удакладняюць дзяўчаты.

«Калі нешта атрымаецца, абавязкова будзем рыхтавацца і да Будслава, каб і туды прывезці штосьці для продажу».

Яшчэ адзін велікодны сувенір ад дзяўчат — печаныя з мукі ягняты:

«Выпякаем у духоўцы ў адмысловых формачках, з якімі нам дапамаглі айцы аблаты, — уводзіць у курс спраў Ганна. — Спачатку рыхтуецца цеста, пасля трэба, каб яно падышло — у выніку для выпечкі партыі ў сем фігурак патрэбна 2-2,5 гадзіны. Гатовая выпечка ўкручваецца ў цэлафан — і сувенір гатовы. У мяне дома такіх баранкаў ужо 21», — усміхаецца.

Не я б’ю, вярба б’е

Пакуль Ганна шчыруе на кухні над замешваннем дражджавога цеста для чарговых булачных ягнят, я назіраю за спрытнымі рухамі Вольгі, якая на раз-два звязвае галінкі вярбы ў адну стройную вярбу.

«Прыгажосць вербаў на Пальмовую нядзелю залежыць ад матэрыялаў. Я, напрыклад, люблю больш аскетычны варыянт — мінімум упрыгажэнняў. І вярба абавязкова павінна быць вярбою — з коцікамі, — дадае Вольга. — Прынамсі ў маёй роднай парафіі так. Але ў Мінску я заўважыла, што не так важна, ёсць на вярбе коцікі ці не, — галоўнае, каб прыгожа».


У Мінск Вольга прыехала з парафіі ў Ахрэмаўцах на Браслаўшчыне. Сёння дзяўчына заканчвае каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кядышкі.

«Яшчэ ў школе я наведвала гурткі па вырабе рэчаў сваімі рукамі, — прыгадвае Вольга. — Мне гэта вельмі падабаецца, таму і паступаць я вырашыла туды, дзе магла б займацца любімай справай».

Спецыяльнасць Вольгі ў каледжы — мастак-настаўнік па кераміцы, дзяўчына працуе з выпаленай глінай.
«Нядаўна я была на выстаўцы “Млын”, дзе бачыла шмат вырабаў ручной работы. У прынцыпе ідэя правядзення такога маркета ў каталіцкіх парафіях таксама магла б быць цікавай», — дадае дзяўчына.

«З айцамі аблатамі вельмі весела і душэўна, як і з сёстрамі шарыткамі»

Я дапіваю гарбату і іду праведаць Ганну. Дзяўчына працягвае завіхацца на кухні, рыхтуючы інгрэдыенты для вырабу глазуры.

«Варыянта два: какава, сметанковае масла, цукар, ваніль і малако, або ўсё тое самае, толькі замест малака — вада. У канцы пасыпаць усё цукровай пудрай ці какосам», — раскрывае сакрэт глазуры Ганна.

На фота: Ганна Тарас гатуе цеста для выпечкі мучных ягнят

Ганна з усмешкай адзначае, што кулінарыя не зусім яе спецыялізацыя, па адукацыі дзяўчына — эканаміст.

«У Мінск я прыехала з Васілішак на Гродзеншчыне. Тады я і з католікаў яшчэ нікога не ведала. Прасіла Бога, каб дапамог мне тут з кім-небудзь пасябраваць, — прыгадвае дзяўчына. — А пасля таго, як пабачыла ў Івянцы ўпершыню айца аблата (гэта быў а. Юрый Катоўскі OMI), то зацікавілася найперш незвычайным крыжам, які носяць аблаты».

«З айцамі аблатамі вельмі весела і душэўна. Як і з сёстрамі шарыткамі, якія дапамагаюць у парафіі, — адзначае Ганна. — Арганізоўваюцца пастаянныя сустрэчы, маёўкі, "Андрэйкі", Тлусты чацвер, "Запусты".

Мы разам ходзім у тэатр, на балет, катаемся на каньках. Па нядзелях — сустрэча ў айцоў, па панядзелках — у сясцёр», — усміхаецца дзяўчына.

«Айцец Дзмітрый умее гатаваць вельмі смачнае капучына, а сястра Алена — цудоўны кулінар», — радасна заўважае Вольга, якая прыйшла на кухню падтрымаць размову.

«Я вельмі люблю нашу маленькую парафію, — працягвае Вольга. — Памятаю, калі толькі першы раз сюды прыйшла, адразу адчула, што ў гэтай маленькай каплічцы мая душа адчувае супакой».

«Так, парафія ў нас невялікая, але яна развіваецца і сталее разам з намі. І вельмі цікава назіраць за яе ростам», — дадае Ганна.

Ад моладзі OMI з любоўю

За акном паціху пачынае змяркацца. Нарэшце Ганна дастае з духоўкі спечаных з мукі ягнят, водар якіх імгненна запаўняе кухню.

«Спадзяюся, парафіянам спадабаецца. А яшчэ спадзяюся, што заўтра паспяхова здам іспыт па біяэтыцы ў Школе дарадчыкаў сямейнага жыцця», — усміхаецца дзяўчына.

***


І вербачкі, і ягнят, і магніты дзяўчаты збіраюцца прадаваць за ахвяру.


На фота: маленькія парафіяне падчас Пальмовай нядзелі з вербачкамі і велікоднымі сувенірамі, падрыхтаванымі Вольгай і Ганнай

«Увогуле, пытанне фінансаў ці продажу чагосьці — хай сабе і вербачак, — справа заўжды далікатная. Мы разумеем, што не кожны гатовы выдаткаваць вялікую суму на пакупку нейкай драбязы, няхай і прыгожай, таму спадзяёмся толькі на добрае сэрца нашых парафіян», — дадаюць дзяўчаты.
Ілья Лапато, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.