«Дададзім часцінку Любові»: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі асвяцілі велікодныя стравы (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
27.03.2016 02:00 |
26 сакавіка, у Вялікую суботу, у Мінску і навакольных парафіях Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі сустрэліся з вернікамі, каб асвяціць стравы на велікодны стол. Іерархі і вернікі распавялі, што значыць для іх Вялікая субота. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у мінскай архікатэдры перад тым, як асвяціць стравы, адзначыў важнасць гэтага дня як часу не толькі смутку, але і вялікай надзеі.
Сын Божы ўваскрос — веліч гэтай падзеі стварае іншы сусвет, у якім чалавек мае вялікую радасць, калі адчыняе дзверы сваёй душы, заўважыў арцыпастыр. «Пусты гроб Езуса Хрыста — гэта аснова нашай веры, нашай надзеі, гэта сэнс нашага існавання», — сказаў іерарх. «Вялікдзень — свята, якое нас аб'ядноўвае, падчас якога кожная сям'я павінна сабрацца, разам папрацаваць, гатуючы гэтыя стравы, і адчуць агульны спакой у душы», — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі ў мінскай парафіі Святога Антонія ў Малінаўцы.
Стравы, якія мы гатуем, каб мець добры смак, патрабуюць солі, перцу, цукру, але і чалавечай любові, казалі вернікі, адказваючы на пытанне іерарха. У гэтым кантэксце асвячэнне страў у Вялікую суботу — часцінка Божай Любові, якую мы атрымліваем праз Касцёл. «Я прыходзіла з дзяцінства з мамай асвячаць стравы на Вялікдзень, — кажа 30-гадовая Ліна, якая прыйшла з 37-гадовым мужам Сяргеем і дочкамі Васілісай і Варварай. — Гэта шмат дае для душы. Шмат таго, што адбывалася ў нашай сям'і добрага, — вынік таго, што мы не забываем пра веру. Гэта ўмацоўвае дух і аб'ядноўвае сям'ю».
«Мы не так даўно ў шлюбе, — распавядае 26-гадовая Юлія, якая прыйшла разам з мужам Дзмітрыем. — Зараз чакаем адразу дваіх дзетак, якім нам падараваў Бог. У гэтым годзе неяк асаблівым чынам чакалі і Вялікдзень, і вясну. Рыхтаваліся задоўга, пяклі кулічы, фарбавалі яйкі, зараз прыехалі зранку на асвячэнне, а вечарам разам будзем на святой Імшы».
«Для нас гэтыя стравы, яйкі — сімвал новага жыцця, уваскрослага Хрыста. Больш моцна ў гэтым годзе адчуваем свята», — дадала Юлія. «Мы кожны год прыходзім асвячаць стравы на Вялікдзень», — кажа 42-гадовы Віктар Крупскі, які прыйшоў з дачкой Ганнай, якой 18 гадоў. «Нас у сям'і чатыры чалавекі, малодшая дачка засталася дома, а жонка працуе. Яна праваслаўная, і мы разам адзначаем усе святы», — дадае ён. «Гэта светлае свята, і хочацца прыйсці ў касцёл, напоўніцца духам супакою, — кажа Віктар. — Нам зусім не шкада на гэта аддаць частку выходнага дня, наадварот, гэта прыемна. Мы і на Імшу вечарам прыйдзем». Аляксей, якому 28 гадоў, прыйшоў у касцёл са сваёй цёшчай Алінай Антонаўнай.
«У нас так атрымалася, што сям'я павялічылася ў мінулым годзе — з'явіўся зяць, нарадзілася ўнучка, і яшчэ мы чакаем. І нам вельмі прыемна, што мы разам збярэмся за святочным сталом», — кажа Аліна Антонаўна. — Гэта традыцыя нашай сям'і, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Хочацца, каб і нашы дзеці, і ўнукі захоўвалі веру, прыходзілі да Бога. Вялікдзень для нас — самае вялікае сямейнае свята, новая сустрэча з Хрыстом».
Аляксандр Гелагаеў |
Фотарэпартаж |