67-гадовы француз прыехаў у Барысаў, каб распачаць пешую пілігрымку ў Санцьяга-дэ-Кампастэла |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
31.03.2016 12:27 |
Жан-Клод Мары прыляцеў у Беларусь з французскага горада Эўрó, што ў 72-х кіламетрах ад Лізьё. 67-гадовы мужчына здзяйсняе сваю шостую пілігрымку да Санцьяга-дэ-Кампастэла, і гэтым разам — ад ракі Бярэзіны. Жан-Клод вельмі шануе гісторыю Францыі, таму яму было важна распачаць пілігрымку ад вёскі Студзёнкі Барысаўскага раёна на беразе Бярэзіны, у месцы, дзе праходзіла пераправа войск Напалеона падчас ваеннай кампаніі 1812 года. У санктуарый св. Якуба Жан-Клод ідзе адзін і плануе дасягнуць мэты ў
кастрычніку-лістападзе 2016 года — гэтым разам на шляху пілігрыма шэсць
тысяч (!) кіламетраў. «Брава, Беларусь!» 24 сакавіка мясцовы краязнаўца паказаў шаноўнаму госцю славутыя мясціны Барысава і Барысаўскага раёна, наведаўшы разам з ім дом-сядзібу Івана Каладзеева, краязнаўчы музей у Барысаве, абарончыя рвы (так званыя батарэі), бераг Бярэзіны ў Студзёнцы і Брылёўскае поле, дзе знаходзіцца чатыры помнікі, прысвечаныя падзеям 1812 года. Адзін з помнікаў усталяваны менавіта французамі. Каля яго Жан-Клод праспяваў гімн Францыі — славутую «Марсельезу». Убачыўшы ўсе гістарычныя помнікі ў належным стане, госць сказаў: «Брава, Беларусь!» Краязнаўца, які праводзіў экскурсію, падараваў госцю дзве свінцовыя кулі французскіх і рускіх войскаў, кавалак ядра і эмблему 1812 года ў якасці сувеніра. Нягледзячы на цяжкі заплечнік, Жан-Клод узяў усё з сабой. Ужо ў Польшчы ён плануе адправіць падарункі дадому. Бярэзіна — Санцьяга-дэ-Кампастэла — 6 000 км За плячыма ў Жан-Клода ўжо 5 пілігрымак да Санцьяга-дэ-Кампастэла. Першая адбылася у 2008 годзе, калі пілігрым выйшаў з французскага горада Ле-Пюі-а-Вэле (там знаходзіцца статуя чарнаскурай Марыі) і пераадолеў 1 600 км. Другая пілігрымка была ў 2009 г. — з таго ж горада. Тады Жан-Клод прайшоў тым жа шляхам. Трэцяе пешае падарожжа ў санктуарый св. Якуба распачалося ў горадзе Арль і склала 1700 кіламетраў. У 2011 мужчына таксама пайшоў, але з Жэневы, і пераадолеў ужо 2 000 км. У 2013 годзе з Будапешта хрысціянскі турыст адправіўся ў наступную, пятую пілігрымку, і прайшоў 4 300 (!) км. Шостую пілігрымку пачаў у Барысаве, таму ў яго нататніку запісана наступнае: Бярэзіна — Санцьяга-дэ-Кампастэла, 6 000 км. Жан-Клод сказаў, што гэта яго апошняя пілігрымка, бо здароўе не заўсёды дазваляе такія нагрузкі. На Пасхальны Трыдуум пілігрым з Францыі наведаў парафію Спаслання Святога Духа ў Барысаве, удзельнічаючы ў абмыцці ног у Вялікі чацвер. Ён быў вельмі захоплены будаўніцтвам святыні гэтага горада, таму склаў ахвяру і папрасіў паклікаць на яе асвячэнне. «Бывай, Бярэзіна! Санцьяга чакае» У Жана-Клода чатыры дарослыя дачкі і ўнук, якім пілігрым вельмі ганарыцца. Жан-Клод кажа, што, калі вернецца дадому, малы яго не пазнае, так доўга не бачачы дзеда. Госць з Францыі вельмі прыгожа спявае, і мне пашчасціла паслухаць знакамітую кампазіцыю Эдыт Піяф у выкананні Жана-Клода. Любімы літаратурны персанаж пілігрыма — Сірано дэ Бержэрак. Жан-Клод дэкламаваў урыўкі з п'есы на французскай мове, як сапраўдны артыст. Яшчэ госць вельмі добра адчуў мяжу паміж беларускай і рускай мовамі. Адзінае слова, якое ведае па-беларуску, — «Дзякуй». Раніцай у суботу, 26 сакавіка, Жан-Клод распачаў свой шлях: «Ногі ў Бярэзіне я памачыў, бывай, Бярэзіна! Санцьяга мяне чакае!»
Горад Санцьяга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі — адно са святых месцаў, якое штогод наведваюць каля 3 мільёнаў пілігрымаў з усяго свету, каб ушанаваць рэліквіі святога Якуба. Настасся Капцава |