Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сёння гадавіна смерці кс. Мечыслава Малыніч-Малецкага, душпастыра Усходняй Беларусі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.03.2016 12:10

30 сакавіка 1969 г. адышоў у вечнасць кс. Мечыслаў Малыніч-Малецкі, які выконваў пастырскае служэнне ў Магілёўскім рэгіёне ў савецкі час. Пасля 1954 года ў цяжкіх умовах савецкага панавання ксёндз Малыніч здолеў аднавіць рэлігійнае жыццё католікаў на ўсходніх прасторах Беларусі.

Нарадзіўся будучы святар 16 верасня 1888 года ў шматдзетнай сям’і мяшчаніна Вацлава Малыніча і Антаніны з роду Мінкевічаў у Вялікай Бераставіцы (зараз — Гродзенская вобласць). Акрамя сына бацькі выхоўвалі ў сваім доме на вуліцы Дольнай (зараз Кастрычніцкая) тры дачкі: Яніну, Тэрэзу і Хэлену. Сярод іх вылучаецца старэйшая дачка Яніна (1883-1973), якая актыўна падтрымлівала духоўную дзейнасць брата ў 1952-1965гг.

Сярод дакументаў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці захоўваюцца два лісты пад назвай «Анкета для служыцеля рэлігійнага культа рымска-каталіцкага касцёла ў Вялікай Бераставіцы Гродзенскай вобласці», запоўненыя ксяндзом Мечыславам Малынічам 25 лістапада 1945 года ў Вялікай Бераставіцы. Дадзеныя гэтай анкеты не публікаваліся.

Яны маюць каштоўнасць у тым, што ксёндз дэтальна напісаў пра сваё жыццё ад нараджэння і да канца 1945 года — той перыяд, які невядомы вернікам як бераставіцкай парафіі, так і слуцкай, бабруйскай і магілёўскай парафій. Пасля 1954 года ксёндз Малыніч здолеў аднавіць рэлігійнае жыццё католікаў на ўсходніх прасторах Беларусі. Ён аб’яднаў вакол Каталіцкага Касцёла вялікую колькасць вернікаў, якія і па сёння ўспамінаюць яго імя з вялікай удзячнасцю.

У 1921 годзе ксёндз Мечыслаў распачаў будаўніцтва новага касцёла Маці Божай Чэнстахоўскай і св. Казіміра ў Моньках каля Беластока, будынак якога быў асвечаны ў 1931 годзе і дзейнічае да сёння.


Пасля вучобы на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта ксёндз Мечыслаў працуе пробашчам у Высоцку (на Падляшшы) з 1926 па 1930 гады. У сваёй анкеце ксёндз піша: «З 1930 па 1935 гады з'яўляўся пробашчам касцёла ў Ясенаўцы каля Беластока. З 1935 па 1939 гады пісаў гісторыю касцёльных ікон у Вільна. З 1939 па 1942 гады — пробашч касцёла ў Поразаве каля Ваўкавыска. З 1942 па 1944 гады хаваўся ад нямецкага пераследу. З 1944 па 1945 гады — намеснік хворага пробашча ў Ваўкавыску. З 1945 года — пробашч у Вялікай Бераставіцы».

Дзякуючы ксяндзу Малынічу каталіцкая парафія ў Вялікай Бераставіцы ў 1947 годзе была зарэгістравана савецкімі ўладамі.

У 1939 годзе СССР далучыў да сябе Заходнюю Беларусь, якая была пад уладай Польшчы. На гэты час ва Усходняй Беларусі, якая ўжо доўга была пад савецкім панаваннем, не засталося ніводнага каталіцкага святара — яны ўсе былі забіты, выгнаны, трапілі ў савецкія канцлагеры ці сышлі ў падполле.

За свае ўмелыя арганізатарскія здольнасці ксёндз Малыніч у 1946 годзе накіраваны Віленскім біскупам Яблжыкоўскім у Слуцк і Магілёў аднаўляць рэлігійнае жыццё на ўсходзе Беларусі. Адкрываюцца парафіі ў Слуцку, Бабруйску, Магілёве. Хутка ксёндз стаў на шлях барацьбы з атэістычнай савецкай уладай, якая арыштавала яго ў 1947 годзе за антысавецкую прапаганду падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Сем гадоў зняволення правёў кс. Мечыслаў у лагеры ў Мардовіі. Адтуль вёў перапіску з членамі касцёльных камітэтаў Магілёва і Бабруйска, абнадзейваў хуткім вяртаннем.


У 1954 годзе ён вярнуўся ў Слуцк сівым старцам з доўгай барадой. Не атрымаўшы тут дазволу на рэгістрацыю, ксёндз Малыніч праводзіць набажэнствы ў сваім доме, збіраючы шматлікую супольнасць вернікаў. Мясцовыя ўлады характарызавалі ксяндза як лютага ватыканца, прайдоху, фанатыка каталіцызму, які з нянавісцю ставіцца да савецкага ладу жыцця і камуністычнага светапогляду.

У 1956 годзе Малынічу забаранілі праводзіць рэлігійную дзейнасць у Магілёўскай вобласці. Але ён таемна прыязджаў у Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Жлобін, дзе хрысціў, вянчаў, адпяваў, праводзіў набажэнствы. Так, паступова, з вялікімі цяжкасцямі ксёндз атрымаў сабе імя «вялікага пастыра Усходняй Беларусі».

Памёр ксёндз Малыніч 30 сакавіка 1969 года ў Слуцку на 81-м годзе жыцця. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Вялікай Бераставіцы. У гонар ксяндза Малыніча названа вуліца ў Моньках, у новым касцёле Вялікай Бераставіцы ў 2012 годзе да 100-годдзя дзейнасці парафіі адкрыта памятная дошка пробашчаў, у ліку якіх — і яго імя.

Паводле Mohylev-katolik.by (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.