Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў з кананічнай візітацыяй парафію ў Асіповічах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.04.2016 11:02

3-4 красавіка ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах адбылася кананічная пастырская візітацыя, якую праводзіў біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.

3 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, перад уваходам у святыню іерарха прывітаў пробашч парафіі а. Натанаэль з рэліквіямі святой Фаўстыны. Біскуп ва ўрачыстай працэсіі ўвайшоў у святыню, дзе пасля ціхай малітвы яго шчыра прывіталі моладзь і дарослыя парафіяне. Затым пробашч распавёў у справаздачы аб жыцці парафіі. Біскуп, звяртаючыся да парафіян, у сваёй прамове растлумачыў, што такое кананічная візітацыя, адзначыўшы, што гэта не праверка, а больш блізкае знаёмства вернікаў з пастырам, каб разам будаваць Божае валадарства на зямлі.

Падчас літургіі, у цэлебрацыі якой удзельнічаў таксама дэкан Бабруйскага дэканату кс. Андрэй Яркавец, біскуп у гаміліі асабліва закрануў тэму Божай Міласэрнасці, якая няспынна дзейнічае ва ўсёй гісторыі збаўлення чалавецтва і кожнага чалавека. Іерарх нагадаў аб дарах Божай Міласэрнасці нашага часу: гэта свята Божай Міласэрнасці, абраз Езуса Міласэрнага, а таксама Вяночак да Божай Міласэрнасці. На цікавым і пераканаўчым прыкладзе біскуп распавёў, як трывалая даверлівая малітва Вяночка ўратавала блізкага яму чалавека. Напрыканцы іерарх заахвоціў вернікаў як мага больш распаўсюджваць культ Божай Міласэрнасці.

Імша завяршылася набажэнствам з працэсіяй і ўшанаваннем рэліквій святой Фаўстыны.

Пасля біскуп Аляксандр Яшэўскі сустрэўся з дзецьмі. Дзелячыся сваімі перажываннямі з дзяцінства, іерарх зацікавіў дзяцей, што дапамагло ім нанова ацаніць вартасць удзелу ў катэхезе і Эўхарыстыі. На заканчэнне сустрэчы біскуп навучыў дзяцей, як па-хрысціянску можна «помсціць» – толькі малітвай.

Чарговым пунктам візітацыі была сустрэча і малітва з парафіяльнай радай і парафіяльнымі групамі. У ходзе размовы біскуп, кажучы аб Касцёле, які з’яўляецца іерархічным, падкрэсліў, што важна знайсці ў ім сваё месца і дапамагаць парафіі па меры сваіх магчымасцяў, а таксама важна не быць хрысціянамі, якія спяць.

На другі дзень візітацыі, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, чарговым яе этапам быў 100-гадовы драўляны касцёл на могілках у Казіміраве – вёсцы, дзе калісьці жыло больш за 3 тысячы католікаў, а сёння ўжо ніхто не жыве. Тут біскуп Аляксандр Яшэўскі памаліўся ў інтэнцыі ўсіх памерлых.

У плане візітацыі  быў таксама час на сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў горада. У кароткай прыязнай размове вельмі важным акцэнтам было існуючае супрацоўніцтва, поўнае павагі, якое з’яўляецца дабром для тых людзей, якім служаць абодва бакі.

Увечары адбылася ўрачыстая святая Імша на заканчэнне візітацыі, падчас якой значная колькасць вернікаў распачала малітву «Духоўнага ўсынаўлення». У гаміліі біскуп, паказваючы прыгажосць Панны Марыі, заахвоціў парафіян наследаваць у сваім жыцці прыклад Маці Божай, быць, як Яна, пакорнымі, вернымі Богу і Яго волі.

Духавенства і вернікі парафіі ўдзячны Богу за час кананічнай візітацыі і сустрэчы з біскупам Аляксандрам Яшэўскім, які з радасцю і адкрытым сэрцам маліўся з імі і ўзбагачаў сваім словам, і абяцаюць малітву ў яго інтэнцыях, як і ў інтэнцыях усёй парафіі.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.