Сустрэча з прадстаўнікамі Трэцяга ордэна — свецкімі кармэлітамі —
адбылася 8 красавіка ў капліцы Божага Цела ў Мінску. У гэты дзень два
члены трэцяга ордэна складалі манаскія абяцанні: с. Соф’я Кунцэвіч
OCDS распачала навіцыят, а с. Наталля Куніцкая OCDS склала першыя
часовыя манаскія абяцанні. На сустрэчы прысутнічаў Генерал Ордэна кармэлітаў босых а. Саверыо Канністра OCD. Быць кармэлітам
Сустрэча распачалася са звароту айца-генерала да членаў Трэцяга ордэна. Айцец Саверыо Канністра OCD адзначыў, што ўпершыню наведвае Беларусь, і сярод усіх супольнасцяў Кармэлю ў Беларусі толькі ў Мінску ёсць Трэці ордэн.
«Вы такая ж важная частка Кармэлю, як і першыя два ордэны – мужчынскі і жаночы, — адзначыў Генерал кармэлітаў босых. — Я вельмі задаволены, што пасля 25 гадоў працы ў Беларусі ў нас ёсць Трэці ордэн свецкіх. Цяпер не хапае толькі закрытага кляштара.
Гэта вельмі каштоўная рэч, калі ў супольнасці Кармэлю ў пэўнай краіне існуе закрыты кляштар. Гэта складана, але, як вядома, для Бога няма нічога немагчымага, таму будзем спадзявацца і маліць Бога ў гэтай інтэнцыі».
Пакліканыя, каб сведчыць
Падчас сустрэчы а. Саверыо Канністра закрануў таксама пытанні, якія абмяркоўваліся на апошнім генеральным капітуле ордэна ў Авіле. У прыватнасці, кармэліт адзначыў важнасць фармацыі кожнага члена свецкай супольнасці, дадаючы, што жыццё ў духу Кармэлю павінна засноўвацца на малітве і духоўным перажыванні.
«Вельмі важная малітва сузірання, а праз яе — пошук Бога ў кожным сваім абавязку», — адзначыў святар. Асобна Генерал ордэна кармэлітаў босых спыніўся на тэме місій. Па словах святара, кожнае пакліканне ў Касцёле — гэта пакліканне да місійнай дзейнасці:
«Кожны кармэліт не з’яўляецца кармэлітам проста, каб быць ім, але ён служыць людзям. Апосталы былі пэўны час з Езусам, а пасля былі пасланы да людзей. Так і вы, знаходзячыся ў свецкім ордэне кармэлітаў босых, пакліканыя быць у супольнасці, даючы сведчанне найперш сваім жыццём».
Сведчыць пра Хрыста
Падкрэсліваючы важнасць евангелізацыі, айцец кармэліт дадаў:
«Людзі павінны бачыць у вашых вачах вашы адносіны з Богам і вашу веру ў Бога. Чым больш вы жывяце ў сузіранні, тым больш магчымасцяў у вас, каб выйсці да людзей».
Вышэйшы настаяцель кармэлітаў падкрэсліў, што пакліканне да місіі варта ставіць у цэнтр Трэцяга ордэна кармэлітаў:
«Той, хто па-сапраўднаму перажывае сваю веру, не ўцякае ад праблем і зносін з людзьмі. Наадварот, ён першы імкнецца ўсталяваць гэты глыбокі духоўны кантакт. Гэта доўгая дарога фармацыі і развіцця, але мы павінны бачыць мэту — выйсці да людзей з верай і нашай пакорай, каб сведчыць пра Хрыста».
«Трэба шукаць шляхі прэзентацыі сябе»
Асобна а. Саверыо Канністра OCD распавёў пра важнасць камунікацыі ў сённяшнім свеце. На думку айца-генерала, трэба шукаць і адкрываць для сябе новыя спосабы камунікацыі.
Святар заахвоціў свецкіх кармэлітаў быць актыўнымі ў сацыяльных сетках і сведчыць пра дзейнасць сваёй супольнасці ў інтэрнэце:
«Нам не трэба ізалявацца ад свету, асабліва гэта важна для прадстаўнікоў кармэліцкай супольнасці ў Беларусі. Кармэль можа адкрыць для вас іншы свет — па-за межамі Беларусі. Вы ўбачыце, што вы не адны на гэтай дарозе — ёю ідуць вашыя браты і сёстры ў іншых краінах. Таму трэба шукаць шляхі прэзентацыі сябе ў інтэрнэт-прасторы». Пасля сустрэчы айцец-генерал прыняў удзел у малітве Нешпараў.
Ілья Лапато, фота аўтара
|