Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB здзейсніў пастырскую візітaцыю ў парафіях Шклоўскага раёна |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
11.04.2016 14:44 |
З 8 па 10 красавіка ў парафіях Шклоўскага раёна прайшла пастырская візітацыя, якую здзейсніў біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB. У межах візітацыі біскуп у першую чаргу сустрэўся з душпастырам парафіі ксяндзом Аляксандрам Шупенькам, які амаль тры гады кіруе даручанымі яму парафіяльнымі супольнасцямі ў Шклове, Княжыцах і Фашчаўцы. Ксёндз Аляксандр Шупенька распавёў іерарху аб сваіх радасцях і цяжкасцях, перажываннях і надзеях, аб намаганнях абуджаць і аднаўляць веру ў людзях. Таксама святар прадставіў актуальныя працы па рамонту плябаніі ў Шклове і капліцы ў Фашчаўцы.
9 красавіка біскупа Аляксандра Яшэўскага і кс. Аляксандра Шупеньку прымала ў сваім доме «завадатарка» фашчаўскіх католікаў Марыя, якая распавяла гісторыю цудатворнага абраза Маці Божай Фашчаўскай, гісторыю парафіі і касцёла, які быў узарваны 24 снежня 1967 г. Біскуп даведаўся аб існуючых навокал Фашчаўкі каталіцкіх вёсках і католіках, якія ёсць у іх, але не з’яўляюцца практыкуючымі. Іерарх вырашыў разам з кс. Аляксандрам Шупенькам наведаць каталіцкія вёскі і праз размову-катэхізацыю дапамагчы веруючым наблізіцца да Бога і стаць практыкуючымі католікамі. У нядзелю біскуп Аляксандр Яшэўскі наведаў усе тры парафіі: парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове, Узвышэння Святога Крыжа ў Княжыцах і Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фашчаўцы. У кожнай з іх іерарх узначаліў святую Імшу, прапаведваў Божае слова і размаўляў пасля Імшы з вернікамі. Гэтыя сустрэчы дазволілі біскупу пазнаёміцца з актуальным станам парафіяльнага і рэлігійнага жыцця, дапамаглі таму, каб вернікі пазналі бліжэй яго, а ён іх. Пастырская візітацыя ў парафіях Шклоўскага раёна прайшла ў духу айцоўскага клопату аб справах душпастырскіх ініцыятыў для абуджэнні веры і рэлігійнага жыцця кожнага чалавека. Застаецца прасіць Бога благаславіць пастырскія намаганні біскупа Аляксандра Яшэўскага, служэнне пробашча кс. Аляксандра Шупенькі і католікаў, якія імкнуцца абудзіць і падтрымаць веру ў гэтым раёне. (AG) |
Фотарэпартаж |