Кіруючыся заклікам Езуса Хрыста «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36), 10 красавіка салезіяне з парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску разам з моладдзю наведалі дзіцячы прытулак.
Дзецям было прапанавана здзейсніць незвычайную вандроўку разам з казачнымі героямі: Львом, Мышкай і Арлом. Усе імкнуліся знайсці мару, якую згубіў Леў.
Падчас гэтага падарожжа кс. Аляксандр Мятліцкі SDB звярнуў увагу, што толькі праяўляючы міласэрнасць адзін да аднаго, можна быць вернымі вучнямі Езуса. Менавіта гэтае жаданне наследаваць Пана і Збаўцу натхніла мінскую салезіянскую парафію ахвяраваць грашовыя сродкі, якія кожная сям’я збірала на працягу ўсяго Вялікага посту. На гэтыя сродкі былі набыты адзенне, абутак і іншыя рэчы першай неабходнасці.
Дзеці змаглі паразважаць над тым, што такое перажываць час разам з сябрамі, якія дапамагаюць, шануюць і любяць адзін аднаго. Вандруючы, удзельнікі сустрэлі шмат выпрабаванняў, якія пераадольвалі разам, дапамагаючы адзін аднаму.
Пасля памятнага фотаздымку і атрыманай падзякі за дапамогу ў пошуках згубленай мары дзеці таксама выказалі сваю вялікую ўдзячнасць за цудоўна праведзены разам час.
Напрыканцы кс. Іван Огар SDB выказаў усім сабраным пажаданні заўсёды быць шчаслівымі і ўдзячнымі за тое, што маем. Святар нагадаў пра прыклад міласэрнасці св. Яна Боско да пакінутых дзяцей і моладзі, а таксама звярнуў увагу на тое, як Дон Боско дапамагаў знайсці веру ў сябе нават сярод цяжкасцяў і выпрабаванняў.
Развітваючыся, кожны выказваў жаданне сустракацца часцей.
Паводле www.sdb.by
(AG) Фота www.sdb.by
|