У бараўлянскім араторыі адбылося тэатральнае прадстаўленне |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.04.2016 11:09 |
10 красавіка ў бараўлянскім араторыі была паказана пастаноўка «Знак Крыжа», якую зладзіў тэатральны гурток араторыя. Ужо другі год гурток дзейнічае пад кіраўніцтвам сястры салезіянкі Веранікі Огар FMA. Аўдыторыя сабралася немалая, прынамсі напалову — дзіцячая. Падчас пастаноўкі была відаць праца і харэографа, і кіраўнікоў хору. Паводле ўражанняў гледачоў спектаклю, сюжэт быў цікавы і дынамічны.
«Мы бачым сям’ю цесляра-габрэя, які зрабіў з сынам адзін крыж на замову рымлян. Ён адмаўляецца стаць іх “штатным” вытворцам гэтых прыладаў для пакарання, але гэты адзіны ягоны выраб (пазначаны адмысловым маленькім крыжыкам) ускладуць пасля на плечы Езуса, — дзеліцца ўражаннямі Тэрэса Клімовіч. — І першая думка гэтага цесляра, калі ён даведаўся пра гэта разам з весткай пра Уваскрасенне Хрыста: “Ён не прабачыць. Тое, што я зрабіў, жахліва. Я не магу да Яго пайсці”».
Жанчына таксама заўважыла, што пакуль героі прадстаўлення пераконвалі галоўнага героя ў міласэрнасці Езуса, ёй узгадалася, колькі ў нашым жыцці людзі робяць розных, мякка кажучы, недарэчнасцяў: на пробу, проста так або за кампанію, і стараюцца не бачыць, як раняць кагосьці з бліжніх, а найперш — самога Хрыста. «Магчыма, мы таксама лічым, што некаторыя ўчынкі — недаравальныя, і баімся, што з імі да Бога нельга падыйсці», — заўважае Тэрэса. На заканчэнне акцёры з хорам урачыста заспявалі велікодную песню, за якую былі ўзнагароджаны гучнымі і доўгімі апладысментамі. На сёння запіс у гурток адкрыты. Усе жадаючыя могуць паспрабаваць сябе ў якасці акцёра.
Паводле sdb.by, (MV) |