Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча міністрантаў з марыянскіх парафій прайшла ў Жодзіне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.04.2016 09:25

8-9 красавіка ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адбылася традыцыйная сустрэча міністрантаў з марыянскіх парафій Мінска, Барысава, Жодзіна і Маладзечна.

Сустрэча пачалася святой Імшой, падчас якой а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС акцэнтаваў увагу на такіх паняццях, як чалавечнасць, чуласць, неабыякавасць, а таксама распавёў пра вялікую ролю ўзаемадапамогі як у спартыўных спаборніцтвах, так і ў штодзённым жыцці. Святар заклікаў таксама заўсёды заставацца людзьмі, мець павагу і любоў да сваіх бліжніх, нягледзячы на барацьбу за першае месца, каб пасля спаборніцтваў не прыйшлося прыступаць да сакрамэнту пакаяння.

Пасля адбылася канферэнцыя на тэму «Святасць і прыгажосць міністранцкага служэння. Святыя заступнікі міністрантаў», якую праводзіў а. Вадзім Мізер МІС пры дапамозе барысаўскай моладзі.

Наступным пунктам сустрэчы была інтэлектуальная гульня «Медыя-азбука», падрыхтаваная моладдзю жодзінскай парафіі. Першае месца занялі міністранты з Мінска, другое – з Барысава, трэцяе – з Жодзіна, чацвёртае – з Маладзечна. Весялосць і спартыўны азарт падчас гульні дапамаглі хлопцам адразу перайсці да наступнай акцыі – турніру па настольным футболе. У турніры перамаглі жодзінскія міністранты, за імі размясціліся маладзечненскія, мінскія і барысаўскія.



Наступны дзень пачаўся для ўдзельнікаў сустрэчы святой Імшой, пасля якой адбылася праверка літургічных ведаў міністрантаў. Кожная з каманд атрымлівала пытанне ад журы і павінна была даць адказ на яго ў вызначаны час. Хлопцы адказвалі на пытанні вельмі добра, таму вызначыць найлепшую каманду было складана. У рэшце пераможцамі была названа каманда з Барысава, за ёю ішлі жодзінскія міністранты, трэцяе месца заняла каманда з Барысава, а каманда з Маладзечна толькі крыху не дацягнула да першай тройкі.

Апошняй і самай чаканай часткай сустрэчы было спаборніцтва па міні-футболе. Міністранты пачалі гульню, памятаючы словы айца Міхаіла Цвячкоўскага МІС аб узаемнай дапамозе і павазе. Напружанне, якое адчувалася ў сценах спартыўнага комплексу «Асілак» падчас гульні, было вялікім, таксама было добра бачна, што гэтага часу ўдзельнікі чакалі з нецярпеннем. Матчы судзіў прафесіянальны рэферы – жодзінская парафіянка Дар’я Гамелько. Вынікі міні-футбола атрымаліся наступнымі: першае месца сярод старэйшых міністрантаў заняла каманда з Маладзечна, другое – з Мінска, трэцяе – з Жодзіна, чацвёртае – з Барысава. Сярод малодшых міністрантаў першае месца занялі мінскія міністранты, другое – барысаўскія, трэцяе – жодзінскія, чацвёртае – маладзечанскія.



Агульны вынік спаборніцтваў міністрантаў з марыянскіх парафій наступны: першае месца занялі міністранты з Мінска, другое месца – з Жодзіна, трэцяе – з Барысава, а чацвёртае, крыху не дацягнуўшы да трэцяга, – міністранты з Маладзечна. Кожная каманда была ўзнагароджана медалём і кубкам, а ўсе міністранты атрымалі памятны значок на знак удзелу ў сустрэчы.

Паводле catholic-zhodzina.by

(AG)

Фота catholic-zhodzina.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.