Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каманда «Арлы» стала пераможцам IV футбольнага турніру па мікра-футболе за Кубак св. Дамініка Савіо ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.04.2016 11:00

Чацвёрты штогадовы турнір па мікра-футболе ў гонар святога Дамініка Савіо ў мінскім салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско адбыўся 23 красавіка. У турніры прынялі ўдзел восем каманд з розных куткоў Беларусі.

Спаборніцтвы былі арганізаваны для юных футбалістаў ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў уключна.

Распачалося ўсё а 10-й гадзіне святой Імшой, галоўным цэлебрантам якой быў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Гамілію да прысутных скіраваў кс. Сяргей Бараўнёў з Беразінскага.


Асаблівую ўвагу святар звярнуў на асобу святога Юрыя, падкрэсліваючы неабходнасць імкнення да перамогі не толькі на футбольным полі, але і ва ўласным жыцці, асабліва духоўным.

Вельмі добра да тэмы спаборніцтваў пасавалі і словы псальма: «Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю». На завяршэнне святой Імшы арганізатары падрыхтавалі для каманд апавяданне пра жыццё і гісторыю святасці галоўнага апекуна турніру святога Дамініка Савіо.

Футбол і пераможцы

Гульні былі цікавымі і напружанымі, дзеці хваляваліся і падтрымлівалі адзін аднаго. Заўзятары сталі сведкамі добрай каманднай гульні, яскравай індывідуальнай тэхнікі, прыгожых галоў і неверагодных ратаванняў у выкананні брамнікаў.  

У выніку трэцяе месца заняў ФК «Blue-White Power» (Мінск), другім стаў ФК «Bosco» (Смаргонь), а перамог у турніры ФК «Арлы» (Мінск).

Знайшлі сваіх уладальнікаў і індывідуальныя ўзнагароды: лепшым брамнікам стаў Ілля Рудовіч (ФК «Арлы»), лепшым бамбардзірам, забіўшы 13 галоў, Станулевіч Максім (ФК «Арлы»), а лепшым гульцом турніру прызналі Паўла Клімука (ФК «Міхаэль»).

Салезіянін супрацоўнік Уладзіслаў Зарэцкі, sdb.by
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.