Сустрэча свецкіх удзельнікаў шанштацкага руху прайшла ў мінскім архікатэдральным касцёле |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.05.2016 11:23 |
30 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася малітоўная сустрэча свецкіх удзельнікаў шанштацкага руху на тэму «Марыя – адлюстраванне міласэрнасці і любові Бога». Сустрэча пачалася канферэнцыяй на адпаведную тэму, якую правёў а. Аляксандр Шамрыцкі MIC. У ёй святар засяродзіўся на важнасці міласэрнасці ў сям'і – мужа да жонкі і жонкі да мужа, бо ў гэтым праяўляецца любоў Бога. Найлепшым увасабленнем такога жыцця, як было адзначана, з’яўляецца Панна Марыя, якая дае прыклад мудрай жанчыны, поўнай любові і веры. Пасля канферэнцыі адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і якую разам з іерархам канцэлебравалі а. Аляксандр Шамрыцкі і кс. Раман Суша. У Імшы прынялі ўдзел таксама члены руху «Легіён Марыі».
У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіў увагу на велікодным перыядзе, які зараз перажывае Касцёл, і на ролі Марыі ў збаўленні чалавецтва. Па словах арцыпастыра, не было б Вялікадня і Божага Нараджэння, калі б не было Марыі і Звеставання. Таксама арцыбіскуп разважаў над сцэнай адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты. Іерарх падкрэсліў, што гэта не была толькі сутрэча дзвюх благаслаўлёных жанчын, але, акрамя таго, сустрэча ненароджанага Езуса з ненароджаным Янам Хрысціцелем, які ласкай Езуса быў выбаўлены ад першароднага граху. Мітрапаліт заклікаў прысутных па прыкладу Марыі заўсёды згаджацца з Божай воляй і разам з Ёй несці Хрыста ў сучасны свет.
Пасля абеду ўдзельнікі сустрэчы разважалі над Запаветам любові Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Гэты запавет, як было падкрэслена, найлепш праяўляецца ў даверы Марыі і ў запавеце любові да самога сябе і сваёй штодзённасці нашай духоўнай Маці. Затым адбылося вітанне месяца мая, асабліва прысвечанага Маці Божай, праз Ружанец і Ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. (DN), (AG) |
Фотарэпартаж |