Біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB здзейсніў кананічную візітацыю ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.
На долю касцёла ў Бабруйску выпаў нялёгкі лёс. Але, знішчаючы храмы і вернікаў, атэістычная ўлада не змагла перамагчы галоўнае — веру ў сэрцах.
У бабруйскай парафіі біскупа сустрэлі «кветкі» — дзяўчынкі ў адпаведных касцюмах, якія, вітаючы іерарха, дарылі яму ў танцы сваю дзіцячую радасць.
Нягледзячы на працоўны дзень, у касцёле было шматлюдна: вернікі прыйшлі ўбачыць і пачуць свайго пастыра.
Візітацыя пачалася 28 красавіка сустрэчай з моладдзю. Падчас сустрэчы біскуп узгадаў словы св. Яна Паўла ІІ да моладзі: «Вы — надзея Касцёла. Вы — мая надзея». У размове з біскупам хлопцы і дзяўчаты «пабудавалі» тры прыступкі да дасягнення вялікай веры праз малыя, на першы погляд, рэчы: адказнасць за свае словы і ўчынкі; пакора; мудрасць. Напрыканцы сустрэчы моладзь падзякавала за шчырую размову з іерархам і падаравала торт, які затым спажылі ўсе разам.
29 красавіка адбылася сустрэча біскупа з гарадскімі уладамі. Бабруйская парафія сёння налічвае больш за 2 000 вернікаў, і яны практыкуюць сваю веру. «8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, я ўпершыню наведаў Бабруйск, служба была вячэрняя. Будні дзень, але храм поўны людзей! Перад святам Вялікадня я таксама наведаў Бабруйск, каб павіншаваць вернікаў, пробашча парафіі — ксяндза Андрэя, і вы ведаеце — храм зноў быў поўны. Таму для мяне радасць, што бабруйскія католікі з'яўляюцца практыкуючымі ў Рыма-Каталіцкім Касцёле на Магілёўшчыне», — падкрэсліў іерарх у размове са старшынёй гарвыканкама Андрэем Каваленкам.
«Гэта культурны візіт да свецкай улады, якая тут клапоціцца аб людзях, бо ў нас няма чужых людзей, усе нашы людзі, у тым ліку на ўзроўні дзяржавы. Усе мы імкнемся прынесці карысць нашаму беларускаму народу. Гэты візіт — з мэтай пазнаёміцца, прадставіцца, і, вядома ж, мы не маглі не закрануць тэму нашага каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, таму што ў дадзенай сітуацыі хочацца вярнуць той лад і прыгажосць, якія былі ля храма раней. Спадзяюся, з Божай дапамогай і добразычлівасцю людзей мы будзем ісці наперад», — рэзюмаваў іерарх.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі сустрэўся таксама з праваслаўным епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам. «Цяпер, як ніколі, хрысціяне павінны быць разам, разам маліцца і пераадольваць усе цяжкасці сучаснага свету», — сказаў іерарх. З гэтай нагоды біскуп вікарый павіншаваў Уладыку Серафіма і ўсіх праваслаўных вернікаў з надыходзячай Пасхай па юліянскім календары.
Галоўнай мэтай біскупскай візітацыі стала сустрэча з вернікамі: дзецьмі і іх бацькамі, моладдзю, старэйшымі парафіянамі.
Іерарх сустрэўся таксама з душпастырамі парафіі, сёстрамі дамініканкамі, парафіяльным камітэтам, малітоўнымі суполкамі. Напрыканцы візітацыі — 30 красавіка — вернікі развіталіся з дарагім госцем і ад усяго сэрца пажадалі яму сілы і цярплівасці на нялёгкім шляху, на які яго паклікаў Пан Бог.
Таксама ў гэты дзень біскуп Аляксандр Яшэўскі наведаў капліцу Маці Божай Фацімскай у Клічаве, якая з’яўляецца філіяй бабруйскай парафіі. Прывітаць біскупа сабралася больш за 30 вернікаў. Пасля кардынала Казіміра Свёнтка іерарх стаў другім біскупам, які наведаў вернікаў Клічава.
Біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну шчыра дзякаваў Богу, Панне Марыі, душпастырам Бабруйска ксяндзу дэкану Андрэю Яркаўцу і вікарыю ксяндзу Валерыю Доўгулю, сёстрам дамініканкам і ўсім вернікам за гэтыя прыгожыя дні, калі яны дзяліліся верай адзін з адным і ўмацоўваліся супольна.
|