Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча аб пакліканні для хлопцаў прайшла ў бараўлянскім араторыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.05.2016 10:50

«ProVocatio» — сустрэча аб пакліканні для хлопцаў узростам ад 15 гадоў — адбылася 30 красавіка – 1 мая ў салезіянскім араторыі імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах.

На працягу двух дзён хлопцы разважалі на тэмы: «Учора», «Сёння» і «Заўтра». На сустрэчу прыехалі хлопцы з Мінска, Смаргоні, Жупран, Бабруйска і Бараўлян.

Сустрэча пачалася з уводзінаў у яе тэматыку. Пасля знаёмства і адбылася першая канферэнцыя на тэму «Учора». Ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB прапанаваў хлопцам, каб яны напісалі сваю аўтабіяграфію і такім чынам паглядзелі на сваё жыццё. Пасля напісання аўтабіяграфій святар распавёў пра крытэрыі салезіанскага паклікання і прапанаваў адказаць на некалькі пытанняў: Хваляванне, Пошук, Супакой.

У межах сустрэчы хлопцы згулялі ў футбол, а пасля прынялі ўдзел у святой Імшы. Потым у лесе яны маліліся Ружанец, а таксама пажарылі каўбаскі. Каля вогнішча кс. Павел Шчарбіцкі SDB прадставіў другую канферэнцыю на тэму «Заўтра», у якой імкнуўся дапамагчы ўдзельнікам адчуць смак паклікання.



Напрыканцы дня ў араторыі Рэгіянальны настаяцель «Таварыства св. Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB па салезіянскай традыцыі прамовіў «слоўка на добрую ноч», у якім расказаў пра тое, што нельга марнаваць свой час, трэба быць адважнымі, каб ісці адразу за голасам паклікання з верай, надзеяй і любоўю.

Наступны дзень пачаўся ў хлопцаў з супольнай малітвы Ютрані. Потым семінарыст Юрый Пашкавец SDB выступіў з трэцяй канферэнцыяй на тэму «Сёння», папярэдне прапанаваўшы сабраным выканаць тры заданні: план сваіх дзеянняў; як праходзіла выкананне плану; падвядзенне выніку. У канферэнцыі Юрый Пашкавец адлюстраваў тое, што патрэбна рабіць сёння. Другі дзень разважанняў аб пакліканні быў больш спакойным. Удзельнікі пазнавалі Божае слова з дапамогай духоўнай практыкі «Lectio Divinа». Падчас «пустыні» — часу для асабістага разважання ў цішыні — маладыя людзі мелі магчымасць знайсці адказ на свае пытанні, проста суцішыць сваё сэрца і падрыхтавацца да святой Імшы.

Сустрэча аб пакліканні завяршылася абедам і падвядзеннем вынікаў.



Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.