Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Табэрнакулюм зрабілі са скрыначак ад яек»: як аднаўлялі касцёл на Кальварыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.05.2016 12:31

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі перажыў дзве сусветныя і руска-польскую вайну і стаў першым касцёлам Мінска, адкрытым у савецкі час. Catholic.by сабраў цікавыя ўспаміны непасрэдных сведкаў тых падзей.

Ідучы да святыні, сапраўды адчуваеш дух стагоддзяў. Дарога да касцёла праходзіць праз Кальварыйскія могілкі. Тут пахаваны героі трох войнаў, яўрэі мінскага гета, ахвяры рэвалюцыйнага тэрору, а таксама палітыкі, паэты, мастакі і шматлікія іншыя дзеячы беларускай гісторыі.


Гісторыя святыні распачалася яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Тады Кальварыйскія могілкі знаходзіліся далёка за мяжой горада. Першы касцёл у цэнтры могілак быў драўляны, з дзвюма трох’яруснымі вежамі.

З цягам часу драўляны будынак касцёла струхлеў і быў разабраны. На яго месцы ў 1839—1841 гадах вялося будаўніцтва святыні ў неагатычным стылі. А ўжо ў 1842 годзе касцёл быў асвечаны.

Амаль праз 100 гадоў пасля асвячэння, у 1930-я гг., святыня на Кальварыі заставалася адзінай, якая дзейнічала ў Мінску. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, аднак, касцёл быў ненадоўга зачынены. Адчыніў ён свае дзверы для вернікаў толькі падчас нацысцкай акупацыі.


Пасля заканчэння вайны і да 1980 года памяшканне касцёла выкарыстоўвалася ўладамі для розных гаспадарчых патрэб. Як паведамляюць відавочцы тых падзей, тут некаторы час была кузніца і нават збіраліся зрабіць музей.

«Я ўвесь час у гэтым касцёле. Яго хацелі забраць пад музей. Нават прыходзілі з гарвыканкама. А мы ўсе, колькі нас было чалавек, падпісаліся пад тым, што не аддадзім гэты касцёл. І адваявалі», — успамінае парафіянка касцёла Узвышэння Святога Крыжа Бярнарда Грынкевіч.

Дом, у якім жыве Бярнарда, знаходзіцца ў некалькіх хвілінах хадзьбы ад святыні. Парафіянка была вельмі задаволена магчымасцю паразмаўляць і падзяліцца сваімі ўспамінамі за кубачкам гарбаты.

Пані Бярнарда, як яе называюць у касцёле, памятае ўсіх святароў, якія працавалі ў святыні. У яе фотаархіве можна знайсці вельмі цікавыя фотаздымкі.

Жанчына пераехала ў Мінск пасля вайны і ўсё сваё жыццё наведвала менавіта кальварыйскі касцёл. Доўгі час Бярнарда Грынкевіч выпякала для патрэб касцёла аплаткі для святой Камуніі і вігілійнага стала. Спецыяльную форму-прыладу для выпякання аплаткаў Бярнарда захавала ў сябе дома і зараз паказвае гасцям як добры ўспамін-антыкварыят.

«Я стаяла па чатыры гадзіны каля пліты. Гэта ж я рукамі рабіла сама. Нядаўна спрабавала спячы з сённяшняй мукі, хоць, думаю, Камунію выпяку, можа. Зараз мука вельмі дрэнная. Зараз у ёй шмат усяго панамешана. Тады ў мяне аплаткі выляталі прыгожыя», — заўважыла Бярнарда.

«Вось яна тут стаіць у шафе. Вось вы падыміце, якая яна, падыміце, — прапаноўвае жанчына і дае патрымаць адмысловую прыладу. — Я ж цягала такі цяжар. На пліту, з пліты, на пліту, з пліты. Вось гэтай штучкай я выпякала Камунію».

А іншая парафіянка, Лілія Агейчык, да веры прыйшла нядаўна, 6 гадоў таму. Аднак яна добра памятае час, калі касцёл яшчэ быў зачынены, таму што таксама жыве насупраць святыні.

«У тыя часы, гэта быў 1978 год, тут усё было разбіта і разбурана, не было ўвогуле нічога. Я з дзецьмі тады гуляла, таму бачыла, а хадзіць у касцёл я не хадзіла», — распавяла жанчына.

У 1979 годзе, як распавядаюць відавочцы, парафіяне пачалі прасіць савецкія ўлады адчыніць касцёл для вернікаў. У Маскву нават ездзіла цэлая «дэлегацыя» прыкладна з 5-7 чалавек. Гэта парафіяне касцёла Алена Валковіч, Юзэфа Баравік, Ганна Зайцава, Ванда Скуратовіч, Франц Фалей і Уладзіслаў Лапо.

«Мы ездзілі ў Маскву 7 разоў. Нас прымалі памочнікі Уладзіміра Кураедава (старшыні Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР — Рэд.). Спачатку яны нам адказвалі: “мы вам паведамім, едзьце дадому”. І доўгі час нічога не атрымоўвалася», — распавядае Уладзіслаў Лапо, адзін з парафіян, удзельнікаў «дэлегацыі».

Падчас аднаго з такіх «візітаў», паводле слоў Уладзіслава, у калідорах міністэрства парафіяне сустрэлі самога Кураедава. Ён спускаўся па прыступках.

«Мы акружылі яго. Ён запытаў, адкуль мы прыехалі. Мы адказалі, што з Мінска, і хочам, каб нам аддалі касцёл. Ён сказаў: “я прыйду з абеду і вас прыму”. І пайшоў. Як залёталі тады яго памочнікі: “давайце мы вас прымем, Кураедаў вас не прыме, ён толькі так сказаў. Але мы адмовіліся і сказалі, што будзем размаўляць толькі з ім».

Упартасць дэлегацыі прынесла свой плён. Уладзімір Кураедаў прыняў парафіян і паразмаўляў з імі. Пасля вяртання ў Мінск справа, як кажуць, «пайшла як па масле». Мінскія ўлады прапанавалі актывістам з Кальварыі збіраць подпісы, «каб ведаць, колькі ў раёне ёсць веруючых людзей». «І пачалі мы збіраць подпісы па раёнах», — успамінае Уладзіслаў Лапо.

Затым, паводле ўспамінаў Уладзіслава, адна з актывістак Ванда Скуратовіч пайшла да Пятра Машэрава (з ім разам жанчына ваявала падчас Вялікай Айчыннай вайны — Рэд.).


«Яна пакінула яму ліст. Праз некалькі дзён Машэраў выдаў загад, і нам аддалі ключы ад касцёла. Мы занялі адну палову і Божае Нараджэнне ўжо адзначылі ў касцёле. Зрабілі бярозавы крыж, алтар і маліліся», — распавёў Уладзіслаў Лапо.

Дзякуючы намаганням дэлегацыі, касцёл быў адчынены восенню 1980 года. На той час ён быў адзіным касцёлам у Мінску, у якім цэлебраваліся святыя Імшы.

Падчас «барацьбы» за святыню парафіяне сустракалі на сваім шляху шматлікія перашкоды. Таго ж Уладзіслава без істотных прычын звальнялі з працы, насміхаліся з таго, што ён моліцца, а дачку «засаджвалі» на ўступных іспытах падчас паступлення ва ўніверсітэт.

«Але Бог мае сваю апеку. Дачка скончыла навучанне ў іншай установе і нават засталася задаволеная», — падзяліўся парафіянін.

Уладзіслаў доўгі час прыслужваў пры алтары, а першы пробашч новаадчыненай святыні кс. Ян Адамовіч даваў яму дазвол «раздаваць людзям Камунію».


Адна з першых святочных імшаў у нанова адчыненым касцёле на Кальварыі, 1980-я гг.

«Спавядае, людзей шмат было, адзін ксёндз, а Мінск вялікі. Таму ён даў мне дазвол раздаваць Камунію», — распавёў Уладзіслаў. Зараз мужчына наведвае касцёл свв. Сымона і Алены, але час вяртання кальварыйскай святыні ўспамінае з вялікім гонарам.

Зыгмунд Капіца і Канстанцін Петрашкевіч з 1980-х гадоў таксама служаць міністрантамі ў касцёле на Кальварыі. Мужчыны добра памятаюць той час, калі вяліся перамовы з савецкім урадам, каб адчыніць касцёл, час рамонту святыні і дзейнасць мясцовых святароў.

«Касцёл быў яшчэ зачынены, але маліцца дазволілі ў сакрыстыі. Там зрабілі бярозавы крыж, паставілі стол, зрабілі табэрнакулюм са скрыначак ад яек, таму што не было такой магчымасці зрабіць, яшчэ тады даволі вялікі прыгнёт быў з боку камуністаў. І пакуль яшчэ не да канца аддалі памяшканне касцёла для адпраўлення службы», — заўважыў Зыгмунд Капіца.


«Цэнтральнага ўвахода не было. Касцёл быў падзелены сцяной на дзве паловы. І спачатку аддалі толькі палову касцёла, ад увахода з сакрыстыі, а потым і другую палову. Пачалі рабіць рамонт: усё выцягваць, бяліць, рабіць падлогі», — распавядае Канстанцін Петрашкевіч.

Пасля адкрыцця касцёла на першую Імшу ў ім сабраліся вернікі з усяго Мінска. Сведкі тых падзей распавядаюць, што людзей было столькі, «што нельга было падняць рукі, каб перажагнацца».

Кс. Уладзіслаў Завальнюк і міністранты кальварыйскага касцёла ў новаадчыненай святыні

«Калі аддалі ўвесь касцёльны будынак, прыходзіла на рамонт пад 100 чалавек адных мужчын, а жанчын колькі было! Сцяну, якая падзяляла касцёл на дзве паловы, ад падлогі аж да столі, разабралі. Я налічыў у ёй 37 кубоў цэглы. Потым усе дарожкі былі высыпаны гэтай цэглай», — дадае Зыгмунд.

Пасля адкрыцця касцёла колькасць вернікаў, якія наведвалі святыню, не зменшылася. Доўгі час кальварыйскі касцёл быў адзінай адчыненай святыняй на ўвесь Мінск.

Па словах Зыгмунда Капіцы, для таго, каб у касцёле змясцілася больш вернікаў, былі дабудаваны верхнія хоры.

«Зрабілі мантаж, паставілі балкі, і на гэтых хорах магло змясціцца да 80 чалавек», — распавёў парафіянін.


Вернікі касцёла на Кальварыі вітаюць новапрызначанага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Сведкі распавядаюць, што ў 1989 годзе, калі ў парафію прыехаў новапрызначаны біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, чарга з вернікаў, якія прыйшлі прывітаць іерарха, працягнулася ад касцёла да Фрунзенскага райвыканкама.

Першым пробашчам пасля адкрыцця святыні быў кс. Ян Адамовіч. Спачатку ён ездзіў з п. Краснае толькі на святы і ў нядзелю, а потым стаў пастаянна служыць у святыні. У розны час у касцёле на Кальварыі служылі кс. Уладзіслаў Завальнюк, кс. Міхал Сапель, кс. Альберт Масальскі, кс. Андрэй Бародзіч.


Сёння пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа з’яўляецца кс. Андрэй Сіповіч. Святыню, якой прыйшлося прайсці праз цэлы стос выпрабаванняў, сёння кожную нядзелю наведвае каля 300 чалавек, дзейнічаюць розныя малітоўныя групы і супольнасці, а нядаўна адкрыўся нават свой хрысціянскі кінаклуб.

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.