Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пастырскую візітацыю парафіі ў Ракаве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.05.2016 11:22 |
7 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пастырскую кананічную візітацыю парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве. Падчас візітацыі іерарх спраўдзіў візітацыйны пратакол, касцёльныя кнігі і паразмаўляў з пробашчам. Потым у парафіяльным доме арцыпастыр сустрэўся з сёстрамі дамініканкамі, якія вядуць у парафіі заняткі па рэлігіі. Мітрапаліт сустрэўся таксама з сям’ёй Андрэя Бурака з Ракава, які сёння вучыцца ў семінарыі, і падзякаваў бацькам за выхаванне сына, які, пачуўшы голас клічучага Пана, пайшоў за ім.
У прывітальным слове Мітрапаліт прыгадаў часы, калі рэлігія была пад забаронай. Нават тады, як адзначыў іерарх, у гэтай мясцовасці былі людзі, якія не здраджвалі Хрысту, баранілі касцёл і перадавалі сваю веру новым пакаленням ракаўчан: «Дзякуючы ім зерне веры было пасеяна ў гэтую зямлю, у душы людзей. Сённяшні Касцёл складаецца не толькі з бабуль, але і з моладзі, якая з'яўляецца, як казаў святы Папа Ян Павел ІІ, надзеяй Касцёла». Арцыбіскуп прадставіў парафіянам мэты свайго прыезду ў Ракаў і кананічнай візітацыі, якія павінны служыць сумеснаму пошуку шляхоў удасканалення пастырскай дзейнасці. Сэнс візітацыі, па словах Мітрапаліта, не ў тым, каб паглядзець правільна запоўненыя пробашчам кнігі, а каб пабачыць, ці правільна жывуць парафіяне. Па словах іерарха, трэба быць вернікам і па-за парогам касцёла, часам плысці супраць цячэння, быць сапраўднымі хрысціянамі ва ўсім, каб дзякуючы гэтаму мець вечнае шчасце ў небе. У гаміліі падчас святой Імшы Мітрапаліт засяродзіў увагу на чытаннях з суботы шостага велікоднага тыдня, у якіх Езус кажа: «Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца». «Гэтыя словы Евангелля як быццам паўтараюць выраз, што ўсё вяртаецца на сваё месца. Езус выйшаў з дому свайго Нябеснага Айца і вяртаецца да Яго. Яны таксама прадстаўляюць місію Езуса, якая пачынаецца ад Айца і завяршаецца Айцом», – сказаў арцыбіскуп. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў вернікам за вернасць Хрысту і Касцёлу падчас ганенняў і пажадаў у новых умовах, якія адзначаюцца з аднаго боку свабодай веравызнання, а з іншага – праяўленнямі секулярызму, заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і выбіраць Езуса правадніком як па жыцці, так і на шляху да вечнасці. (DN), (AG), Таццяна Сівец, |
Фотарэпартаж |