120 вернікаў вілейскай парафіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.05.2016 09:01 |
8 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. А 10-й гадзіне кандыдаты да канфірмацыі, якіх у гэтым годзе было 120 чалавек, сустрэлі і прывіталі свайго арцыпастыра перад уваходам у святыню з хлебам і соллю. Пасля ўрачыстага ўваходу ў вілейскі касцёл Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў у міністранты 7 хлопцаў, якія далі прысягу пабожна, аддана і з радасцю служыць пры алтары. Новыя міністранты атрымалі з рук іерарха асвечаныя белыя комжы, як напамін аб чысціні душы. Напачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Барыла адзначыў важнасць гэтага дня: «Сёння 120 чалавек прагнуць стаць сведкамі Хрыста і сталымі хрысціянамі, на якіх можа абапірацца Касцёл». У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на першасвятарскую малітву Хрыста і адзначыў важнасць справы еднасці. «Мы, усе хрысціяне, павінны быць моцнымі, павінны быць разам, каб сведчыць аб хрысціянскіх каштоўнасцях і жыць імі. Наша заданне — гэта быць сведкамі Евангелля ў кожных абставінах жыцця, каб Езус быў прысутны ўсюды, дзякуючы нашаму сведчанню», — падкрэсліў іерарх.
Арцыпастыр пажадаў кандыдатам да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі адкрыцца на Святога Духа і заставацца вернымі Езусу, Евангеллю і веры продкаў.
Падчас працэсіі з дарамі група тых, хто прыступіў да сакрамэнту канфірмацыі, прынесла да алтара фігуры св. Фаўстыны і св. Яна Паўла ІІ, якія пасля будуць змешчаны ў новапабудаваным бочным алтары вілейскага касцёла ў гонар Божай Міласэрнасці. Алтар плануецца пабудаваць і асвяціць напрыканцы Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. Фігуры святых, чыё жыццё асаблівым чынам было звязана з Божай Міласэрнасцю, асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напрыканцы Імшы пробашч парафіі выказаў словы ўдзячнасці арцыпастыру. «Вы для нас вельмі асаблівы чалавек, бо Вы далі пачатак і 25 гадоў таму рэкансэкравалі нашу вілейскую святыню», — адзначыў кс. Аляксандр Барыла. Звяртаючыся да вернікаў, умацаваных дарамі Духа Святога, святар адзначыў: «Мы павінны разам будаваць Божае Валадарства на прыгожай і любімай вілейскай зямлі. Ад нас і нашых паводзінаў залежыць многае. Цяпер Касцёл мае права разлічваць і абапірацца на вас». Парафіяне, які прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, падзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за яго ўдзяленне і супольную малітву, а святарам і катэхетам за падрыхтоўку да яго прыняцця. Пасля Эўхарыстыі парафіяне прынялі крыжы і пасведчанні аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі з рук Мітрапаліта, які пажадаў вернікам заставацца сапраўднымі хрысціянамі.
«Наша зямля мае хрысціянскія карані, але наша хрысціянства не павінна быць толькі традыцыяй, яно павінна жыць і весці нас у новае заўтра», — падкрэсліў іерарх. |
Фотарэпартаж |