Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургічная служба алтара Магілёўшчыны сабралася на сумесную малітву
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.05.2016 15:52

7 мая ў магілёўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў межах Года Божай Міласэрнасці адбылася юбілейная малітоўная сустрэча ўдзельнікаў Літургічнай службы алтара магілёўскай часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Міністранты з Магілёва, Бабруйска, Горак сабраліся разам са сваімі душпастырамі, каб падзякаваць Богу за дар служэння пры алтары.

На распачацце малітоўнай сустрэчы з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Пасля кс. Аляксандр Шупенька са шклоўскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла прамовіў канферэнцыю на тэму «Міністрант — слуга міласэрнага Бога пры алтары».

«Святы Год Божай Міласэрнасці дадзены нам, каб мы адчынілі дзверы нашага сэрца, як касцёл адчыніў перад намі Брамы Міласэрнасці. Каб мы дазволілі Хрысту ўвайсці ў наша сэрца. Хрысту, які падштурхоўвае нас ісці да іншых, каб несці Яго і Ягоную любоў.

(…) Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслугоўваючы пры здзяйсненні святых таямніцаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды — дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў.

Тым, што кожны з вас знаходзіцца так блізка да алтара і прыслугоўвае падчас святой Імшы, вы абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары», — заўважыў святар.

Пасля адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і маёвае набажэнства, падчас якога ўдзельнікі сустрэчы асаблівым чынам звярталіся да Бога з просьбай аб благаслаўленні на шляху служэння ў якасці міністранта.

Святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі, пачалася ўрачыстым уваходам ў катэдральную святыню праз Брамы Міласэрнасці. У гаміліі біскуп прыгадаў постаць св. Тарцызія, аднаго з нябесных заступнікаў Літургічнай службы алтара, які жыў у перыяд пераследу хрысціянскіх вернікаў цэзарам Валерыянам.

У маладыя гады гэты святы быў забіты сваімі равеснікамі, калі стараўся абараніць Найсвяцейшы Сакрамэнт, які неслі да хворых і вязняў. Біскуп заахвоціў браць прыклад са святога Тарцызія, каб, нягледзячы на сваю маладосць, старацца быць руплівымі памочнікамі святара. Таму вельмі сімвалічным стала традыцыйнае аднаўленне міністранцкіх абяцанняў, якое мае мэту нанова распаліць полымя ў адданым служэнні ў якасці міністранта.

Пасля святой Імшы міністрантаў чакаў пачастунак, які арганізавала катэдральная парафія. Потым усе былі запрошаны на спартыўную частку сустрэчы — міні-футбол.

Кс. Андрэй Кеўліч
Фота Паўла Галімага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.