Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі ў Магілёве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.05.2016 11:36

15 мая дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.

Кандыдаты да канфірмацыі рыхтаваліся да гэтага дня праз удзел у катэхезе, сакрамэнтальным жыцці Касцёла і праз індывідуальную малітву. Духоўна падрыхтавацца да ўрачыстай падзеі вернікі змаглі асабліва ў вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

У вігілійны вечар для кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі і ўсіх жадаючых айцец Раман Шульц OP правёў духоўнае засяроджанне, якое складалася з канферэнцыі на тэму дароў Святога Духа і малітваў да Святога Духа.


15 мая на пачатак урачыстасці кандыдаты разам са святарамі і біскупам прайшлі праз Брамы Божай Міласэрнасці. Падчас святой Імшы ў сваім звароце да кандыдатаў і вернікаў біскуп патлумачыў, якія дары Святога Духа чалавек атрымоўвае праз прыняцце сакрамэнту канфірмацыі і для чаго яны яму патрэбны. Таксама іерарх нагадаў пра задачу, якая сцісла звязана з гэтым сакрамэнтам, — глыбей пазнаваць Хрыста.

Кандыдаты перад прыняццем сакрамэнту канфірмацыі аднавілі свае прысягі хросту і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні сакрамэнту.

Разам са сваімі сведкамі яны падыходзілі да біскупа і атрымлівалі незнішчальны знак вызнаўцаў Хрыста.

На заканчэнне святой Імшы тыя, хто атрымаў сакрамэнт духоўнай сталасці, выказалі ўдзячнасць біскупу і ўсім, хто дапамагаў ім падрыхтавацца да прыняцця дароў Святога Духа, і паабяцалі быць годнымі сведкамі Уваскрослага Хрыста і жывым Евангеллем для іншых людзей.

Павел Галімаў,
фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.