Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Маці Касцёла, маліся за нас»: парафіяльнае свята прайшло ў Чавусах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.05.2016 11:08

Традыцыйна на магілёўскай зямлі ў панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, калі Каталіцкі Касцёл у Польшчы адзначае ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, святары і вернікі збіраюцца на парафіяльную ўрачыстасць у Чавусах, дзе знаходзіцца адзіная ў Беларусі каталіцкая святыня пад гэтым тытулам.

На пачатку ўрачыстай літургіі галоўнага цэлебранта — біскупа-вікарыя для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандра Яшэўскага SDB — ад імя ўсіх парафіян прывіталі прадстаўнікі парафіі.

«Першы раз Вы ўзначальваеце нашу сумесную малітву. Мы вельмі цешымся гэтаму і шчыра жадаем, аб Вы добра адчували сябе ў нашай супольнасці», — сказалі вернікі.


У прывітальным слове а. Гжэгаж Ксёнжэк SP, душпастыр чавускай парафіі, перадусім падзякаваў удзельнікам малітвы, асабліва біскупу і святарам, якія далучыліся да святкаванняў, нягледзячы на немалыя адлегласці паміж парафіямі Магілёўшчыны.

У гаміліі біскуп распавёў аб тым, якім важным прыкладам з’яўляецца Марыя для кожнага верніка. «(…) Марыя прысутнічала ў вячэрніку разам з апосталамі, калі нараджаўся Касцёл… (…) Нягледзячы на тое, што ў 1054 г. у Касцёле адбыўся раскол на Усходні і Заходні, Марыя з’яўляецца той, якая яднае нас, як Маці Касцёла і Маці Царквы», — адзначыў іерарх.

Важным момантам святкавання стала публічнае вызнанне веры, якое здзейсніў Павел Сыравежкін, які ўжо некалькі гадоў самастойна абірае шлях веры.

Біскуп заахвоціў маладога хрысціяніна не баяцца давяраць Хрысту сваё жыццё і быць добрым сведкам веры, як да гэтага заклікаў сваіх вучняў Збаўца, а таксама благаславіў яго на шлях мужнага вызнавання веры.

Пасля Эўхарыстыі адбылося маёвае набажэнства, падчас якога ўдзельнікі свята прасілі заступніцтва Багародзіцы для чавускай парафіі, каб яна развівалася і ўмацоўвалася дзякуючы дарам Святога Духа.

(IL),
фота Эдварда Кавалеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.