16-17 мая ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы прайшоў паказ фільмаў у межах рэха каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат».
За два дні было паказана дзевяць фільмаў беларускіх і замежных кінематаграфістаў, у ліку якіх «Танга Папы» (рэж. Крыштаф Журоўскі, Польшча), «Крокі над вадой» (рэж. Юрый Цімафееў, Беларусь), «Драўляны народ» (рэж. Віктар Аслюк, Беларусь), «Устань і ідзі» пра пілігрымку ў Росіцу (рэж. Павел Магілін і Аляксандр Зянкоў, Беларусь) і інш.
«Лепшага месца для паказу гэтых стужак, відаць, і не знайсці: умовы ў кінатэатры проста выдатныя, — адзначыў у каментарыі Catholic.by адзін з заснавальнікаў “Магніфікату” рэжысёр Юрый Гарулёў. — Мяне вельмі кранула рэакцыя гледачоў, якія дзякавалі з кветкамі, кажучы, што даўно не бачылі такога якаснага кіно, і прасілі прыязджаць яшчэ».
Перад кожным з фільмаў Юрый Гарулёў распавядаў яго перадгісторыю і лёс фільма на фестывалі.
«Было бачна, што людзям сапраўды цікава і што наша кіно — патрэбнае сёння», — заключае рэжысёр.
Паказ фільмаў у межах «Рэха Магніфікату» быў арганізаваны для вернікаў нясвіжскай парафіі па ініцыятыве пробашча кс. Пятра Шарко.
Як сказаў святар, ведаючы пра існаванне такога фестываля і якасць стужак на ім, ён вельмі хацеў пазнаёміць з «Магніфікатам» і сваіх парафіян:
«Хацелася б, каб такія паказы для вернікаў нашай парафіі знайшлі свой працяг. Парафіяне засталіся задаволеныя — фільмы якасныя, цікавыя і не пакідаюць абыякавымі. Тры гадзіны, падчас якіх ішлі паказы штодня, гэта пацвердзілі: людзі нікуды не выходзілі, уважліва гледзячы конкурсныя стужкі», — адзначыў кс. Пётр Шарко.
Запрасіць у сваю парафію «Рэха Магніфікату» можа любая беларуская парафія. Для гэтага неабходна звярнуцца да прадстаўнікоў аргкамітэту:
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Віцебская дыяцэзія: - Юрый Гарулёў: +375 29 6162365+375 29 6162365
Пінская дыяцэзія:
- бр. Карнэлій Консэк SVD: +375 29 2273884+375 29 2273884
- кс. Ян Глінка SVD: +375 29 6481211+375 29 6481211
Гродзенская дыяцэзія:
- Аляксандр Лавыш: +375 29 3496303+375 29 3496303
- Ганна Віткоўская: +375 29 2852628+375 29 2852628
Ілья Лапато, у якасці ілюстрацый выкарыстаны стоп-кадры з фільмаў «Устань і ідзі» і «Танга Папы»
|