Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распачаў працу сайт мінскага Чырвонага касцёла
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.05.2016 16:13

15 мая распачаў сваю дзейнасць афіцыйны сайт парафіі Свв. Сымона і Алены ў Мінску. Сhyrvony.by акрамя актуальных навін з жыцця Касцёла і парафіі змяшчае карысную інфармацыю для парафіян і ўсіх вернікаў Мінска.

Ініцыятарам і аўтарам ідэі сайта стаў дыякан Аўгуст Калясінскі, які ў мінулым годзе распачаў сваё служэнне ў Чырвоным касцёле.

«Калі я прыехаў у парафію Свв. Сымона і Алены, я паглядзеў, што ў такой вялікай парафіі павінна быць інтэрнэт-старонка. Але ў такіх выпадках заўсёды ўзнікае пытанне: хто гэтым будзе займацца? Я, напрыклад, сам з нуля магу пад ключ рабіць інтэрнэт-старонкі. Таму проста падыйшоў да пробашча з такім пытаннем. Пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк ахвотна падтрымаў гэту ідэю і даў сваё благаслаўленне, каб распачаць такую працу», — распавёў дыякан.

У сваім каментарыі для Catholic.by дыякан паведаміў, што сайт ствараўся з мэтай даць вернікам самую неабходную інфармацыю пра парафію.

«Да нас вельмі часта ў сакрыстыю звяртаюцца людзі з аднымі і тымі ж пытаннямі. Звычайна гэта пытанні пра расклады розных мерапрыемстваў у касцёле. Таму гэты сайт мае за мэту ў будучыні стаць такой крыніцай інфармацыі аб парафіяльных падзеях», — адзначыў дыякан Аўгуст Калясінскі.

Праца над парафіяльным сайтам, па словах дыякана, працягвалася прыкладна 4 месяцы. Гэтую інтэрнэт-старонку будучы святар распрацоўваў разам са сваім сябрам, які адказваў за дызайн сайта.

Таксама ў зборы матэрыяла для сайта дапамагала сакратар касцёла Наталля Лаўрэнка, якая адказвае за нядзельную школу, супрацоўнікі бібліятэкі касцёла і тэатра «Зніч».

На сайце Сhyrvony.by акрамя навін можна знайсці расклад святых Імшаў, заняткаў па падрыхтоўцы да сакрамэнтаў, нядзельных школ для дзяцей, а таксама моладзевых сустрэч.

Наведвальнікі сайта могуць бліжэй азнаёміцца з гісторыяй узнікнення парафіі і будаўніцтва касцёла свв. Сымона і Алены, даведацца пра спадчыну роду Вайніловічаў і пра Слугу Божага Эдварда Вайніловіча, працэс беатыфікацыі якога распачаўся 10 красавіка.

На старонках парафіяльнага сайта можна таксама прачытаць пра мемарыяльную кампазіцыю «Звон Нагасакі» і пра Мінскую копію Турынскай Плашчаніцы. Акрамя гэтага, усе зацікаўленыя могуць атрымаць інфармацыю пра дзейнасць парафіяльнай бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, тэатр Чырвонага касцёла «Зніч», турыстычнага цэнтра «Пілігрым» і шмат іншай цікавай і карыснай інфармацыі.

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.