Вернікі мінскай парафіі Божага Цела здзейснілі пілігрымку ў санктуарый у Будславе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
23.05.2016 15:05 |
21 мая адбылася пілігрымка вернікаў парафіі Божага Цела ў Мінску ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай з нагоды Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. У суботнюю сонечную раніцу на прыступках капліцы Маці Божай Шкаплернай сабраліся парафіяльныя душпастыры, манахіні-катэхеткі, старэйшае пакаленне і сем'і з немаўлятамі, моладзь і першакамунійныя дзеці з бацькамі – у цэлым каля 120 чалавек. Кульмінацыяй малітвы стала святая Імша, якую ўзначаліў пробашч парафіі айцец Сяргей Трысцень OCD, дзякуючы Богу за ўсе дары і з просьбай аб далейшым благаслаўленні для парафіі Божага Цела ў Мінску, а асабліва просячы падтрымкі ў справе пабудовы касцёла. Гамілію прамовіў душпастыр будслаўскага санктуарыя а. Юзафат Кунцэвіч. Пасля Імшы ўсе разам праславілі Бога маёвым набажэнствам, складаючы праз рукі Панны Марыі, Маці і Апякункі, просьбы і інтэнцыі, з якімі прыбылі ў гэтае святое месца. Поўныя ўражанняў, адноўленыя духоўна і фізічна, парафіяне вярнуліся ў Мінск, каб раздзяліць гэтую радасць і спакой з тымі, хто не змог паехаць у гэтае святое падарожжа. |
Фотарэпартаж |