Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будаўніцтва новага касцёла ў мінскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно: пытанні, цяжкасці, перспектывы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.05.2016 18:03

Напрыканцы мая ў Мінску плануецца распачацце будаўніцтва касцёла парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно.

Новая святыня паўстане на пагорку ў маляўнічым месцы Мінска, недалёка ад вуліцы Максіма Багдановіча — у парку Катоўка, які агінаюць вуліцы Ізмайлаўская, Меліярацыйная, завулак Крыловіча і Тыражны.

У сувязі з гэтым некаторыя актывісты з «Сельгаспасёлка», на тэрыторыі якога знаходзіцца парк Катоўка, заклапочаны тым, што пры будаўніцтве святыні будзе выкапана пэўная колькасць дрэў.

Паводле зацверджанага «Зеленбудам» праекта для будаўніцтва трэба будзе выкапаць 49 дрэў, замест якіх у іншым месцы будзе пасаджана 56 новых.

Высяканне дрэў у парках для стварэння будаўнічых пляцовак адбываецца ў Мінску не ўпершыню. Напрыклад, жыхары Зялёнага луга стараюцца абараніць парк на беразе Цнянскага вадасховішча, дзе будуецца тэнісны цэнтр. Жыхары 2-га завулка Розы Люксембург імкнуцца абараніць Лютэранскі сквер, які перашкаджае пры пашырэнні вуліцы Карла Лібкнехта.

Лёсам гэтых дрэў і тым, што некаторы час у парку будуць праводзіцца будаўнічыя працы, і занепакоена грамадства.

Мясцовыя актывісты спрабуюць звярнуць увагу грамадскасці.

Як удакладніў айцец Дзмітрый Занямонскі OMI, пробашч парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно, які з кастрычніка 2012 года прыняў на сябе абавязкі, звязаныя з будаўніцтвам новай святыні, у бліжэйшы час дамоўлена, што спачатку будуць выкапаны толькі 32 дрэвы, каб вызваліць месца непасрэдна для распачацця будаўніцтва.

Святар адзначае, што хутчэй за ўсё людзі пачынаюць хвалявацца, бо да канца не разумеюць і не  ведаюць, што татальнага знішчэння парку зусім не плануецца.

Пачаткі справы

Месца для будаўніцтва касцёла было вылучана ў 2011 годзе. Перад гэтым у жыхароў, якія пражываюць на вуліцах уздоўж парка, былі сабраны подпісы на гэтую справу. Працэсам збору подпісаў займаўся папярэдні пробашч маладой парафіі.

Айцец Дзмітрый прыгадвае некалькіх асобаў, якія выказаліся супраць узвядзення святыні ў частцы парка. Аднак, як лічыць святар, калі б да тых жа самых людзей падышлі з пытаннем: «Ці згодныя вы на будаўніцтва святыні?» і «Ці вы супраць будаўніцтва святыні?», то колькасць станоўчых адказаў на абодва пытанні была б аднолькавая.

Між тым у «Сельгаспасёлку» жыве пэўная колькасць парафіян будучай святыні, якія, як і жыхары іншых вуліц мікрараёна Зялёны луг, лічаць будаўніцтва святыні важнай і доўгачаканай справай.

З месца падзей

Рухаюся на месцы будучай будоўлі. У парку ездзіць невялікі трактар, які спраўна абкошвае тэрыторыю паміж дрэў. Праз парк спяшаецца жанчына, якая праходзіць яго па дыяганалі, размаўляю з ёю хвіліну-другую — усмешлівая жанчына адкрыта на размову.

Яна просіць не называць свайго імені. Шкада, што ў выпадках, калі справа тычыцца абароны будаўніцтва святыні, грамадзяне часцей вырашаюць не называюць сваіх імёнаў. Жанчына адзначае, што, хоць і з’яўляецца праваслаўнай, але выступае «за» будаўніцтва каталіцкай святыні, бо лічыць, што гэта нашмат лепш, чым шмат людзей, якія проста выгульваюць сабак у парку. Святыня ж — гэта культурны аб’ект, адзначае яна.

Далей мне сустракаецца мужчына, які выгульвае свайго чатырохногага гадаванца. Мужчына прызнаецца, што чуў пра будаўніцтва святыні, але, дакладна не ўнікаючы ў справу, быў супраць, бо лічыў, што будзе вынішчацца ўвесь парк.

Пасля таго, як ён даведваецца, што будзе занята толькі частка парка, і бачыць эскіз будучай святыні, дадае, што такі будынак будзе гонарам для гэтай мясцовасці і толькі ўпрыгожыць парк.

Я падымаюся на пагорак, бліжэй да месца, дзе будзе ўзводзіцца святыня. Там з дзіцячым вазком ідзе маладая мама, яна размаўляе па тэлефоне, але, убачыўшы мяне, завяршае размову, каб пагутарыць. З маіх першых пытанняў бачу, што ў справе парка яна дасведчаная.

Маладая мама кажа, што спачатку была не супраць будаўніцтва, але сёння ў сувязі з апошнімі абмеркаваннямі выступае ў абарону парка.

З будаўніцтвам новых дамоў дзіцячыя пляцоўкі паўстаюць проста на бетоне, а прыватны сектар з цягам часу таксама ідзе пад знос. Жанчына дадае, што гэты парк лепш было б пакінуць некранутым. Яна падзялілася, што яго дастаткова было б абставіць лаўкамі, і жыхары былі б ужо задаволеныя.

Як лічыць жанчына, у парк будуць хадзіць усе, а святыня будзе месцам для тых, каму яна патрэбна.

Айцец Дзмітрый Занямонскі ў сваю чаргу адзначае, што ў такіх справах, як будаўніцтва святыні, заўсёды знаходзяцца тыя, хто выступае «за» справу і «супраць». «Заўсёды будзе частка людзей, якая выказваецца супраць, і да гэтага трэба быць гатовым», — кажа святар.

А як у іншых парафіях?

У Мінску, як і ў іншых мясцовасцях Беларусі, з году ў год будуюць новыя святыні. Зусім нядаўна з рознымі пытаннямі ў справе будаўніцтва сутыкнуўся а. Сяргей Трысцень OCD, пробашч мінскай парафіі Божага Цела. Як адзначыў святар, у іх выпадку пытанняў наконт участка не паўставала, бо на вылучаным надзеле не было дрэваў, а іншыя забудоўшчыкі на яго не прэтэндавалі.

А вось калі будаўніцтва ў Мінску і ў Раўбічах распачынаў кс. Ігар Лашук, ён таксама сутыкаўся з падобнымі праблемамі, якія паўсталі перад а. Дзмітрыем: «Я перажыў ужо не адно будаўніцтва, таму магу сказаць, што праблемы ўзнікаюць нават там, дзе іх не чакаеш». Святар прыгадвае, што пры будаўніцтве святыні ў Бараўлянах, дзе надзел пад касцёл быў вылучаны амаль у полі і дрэваў не было, уначы нехта спілаваў усталяваны крыж...

Калісьці нашы продкі для святыні абіралі найлепшае месца мясцовасці, якое было яго візітоўкай, сведчаннем узроўню культуры і духоўнага жыцця жыхароў, іх гонарам. Многія святыні, пабудаваныя стагоддзямі раней, і сёння бачны за дзясяткі кіламетраў, маляўніча дапаўняючы краявід. Ва ўмовах планіроўкі горада існуе куды больш акалічнасцяў, якія трэба ўлічваць, чым у менш населеных пунктах.

Тым не менш праблемы, з якімі сустракаюцца святары пры ўзвядзенні культавых будынкаў, характэрныя амаль для кожнага будаўніцтва.

Паводле праекта ў парку Катоўка будзе ўзведзена святыня, якая разлічана на 108 сядзячых месцаў агульнай змяшчальнасцю каля 300 чалавек.

Вяртаюся ў парк да будучага месца ўзвядзення святыні.

Каля касцёла будзе агароджана тэрыторыя, адкрытая для наведвання на працягу дня для ўсіх жыхароў прылеглай мясцовасці, а не толькі для вернікаў.

У ніжняй частцы святыні будуць памяшканні для працы з дзецьмі і моладдзю, для правядзення сустрэч. Праца па будаўніцтве святыні чакаецца грунтоўная. Аднак, як спадзяецца пробашч парафіі, справа пойдзе. Нядаўна парафіяне выступілі з ініцыятывай «малітоўнай падтрымкі» будаўніцтва — арганізавалі марафон «Малітва і пост».

Аксана Ючкавіч, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.