«Дар Бога чалавеку, Касцёлу і краіне» — у мінскай катэдры віталі новага беларускага святара айца Паўла Федаровіча MIC |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.05.2016 16:18 |
Сонечным суботнім ранкам 28 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану-марыяніну Паўлу Федаровічу. Прыгожая і ўрачыстая падзея сабрала шмат свецкіх вернікаў, манахінь і святароў у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень пайшоў апостальскім шляхам яшчэ адзін сын беларускай зямлі. Першым прывітаў на святой Імшы ўсіх сабраных і будучага прэзбітэра айцец Міхаіл Цвячкоўскі MIC: «Вельмі цешуся, што ты, брат Павел, пачуў голас паклікання, сказаў "так"». «Цяпер ты будзеш служыць кожнаму чалавеку, які да цябе прыходзіць. Няхай кожны гэты чалавек будзе табе ў радасць», — сказаў а. Міхаіл свайму высокаму і моцнаму брату па ордэне, які стаяў у цэнтры касцёла перад алтаром. Затым сказаў слова Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які заклікаў маліцца за новага святара і адзначыў, што «кожнае пакліканне — знак таго, што Касцёл ідзе наперад, нягледзячы на цяжкасці». Кожнае пакліканне, як дадаў іерарх, — важны дар Хрыста Касцёлу, бо «жніво вялікае, а працаўніков усё яшчэ мала». У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адштурхоўваўся ад біблійных слоў: «Пан — Пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы». «У часы Савецкага Саюза наш народ быў як авечкі без пастыра, але Бог паказаў, што толькі Ён ставіць апошнюю кропку ва ўсім. І зараз той, хто чуе голас паклікання, можа стаць тым пастырам», — заўважыў іерарх. «Пакліканне — не наша заслуга, а Хрыста, які і сярод апосталаў абраў не самых адукаваных, а простых людзей... Гэта дар чалавеку, Касцёлу, нашай краіне», — дадаў Мітрапаліт. Адзначаючы хібы сучаснага грамадства, рост секулярызацыі і спажывальніцтва, арцыбіскуп падкрэсліў унікальную і важнейшую ролю святара ў сённяшнім свеце. «Рукі святара здольныя на тое, чаго не можа аніводны кіраўнік нават самай магутнай на зямлі дзяржавы — перамяніць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, у спажытак, які адзін можа сапраўды насыціць увесь свет», — сказаў Мітрапаліт. Святар вучыць народы, служыць літургію, удзяляе сакрамэнты, праз якія Бог прыходзіць да чалавека. Святар таксама пакліканы будаваць парафію, ствараць супольнасці вернікаў, з якіх складаецца Касцёл. «Каб тваё жыццё было падобным да свечкі на алтары, якая ў сваім служэнні згарае да канца», — гэтым пажаданнем новапрэзбітэру арцыпастыр завяршыў гамілію. Пасля ўдзялення Мітрапалітам сакрамэнту прэзбітэрскага пасвячэння новага святара цёпла прывіталі браты па служэнні і ўсе сабраныя. Пасля святой Імшы айцец Павел Федаровіч MIC падзякаваў Богу, сваім родным бацькам, якія ўжо памерлі, хросным бацькам і ўсім сабраным за радасць сустрэчы і служэння, за апеку і навуку, за малітвы і дапамогу. Варта пажадаць, каб Божая ласка заўсёды сагравала новага беларускага святара і праз яго — усіх нас. Аляксандр Гелагаеў |