Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агульнамагілёўская ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста: «Эўхарыстыя — самы каштоўны дар, які Езус пакінуў нам»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.05.2016 12:09

29 мая вернікі Магілёва сабраліся разам, каб адзначыць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста і юбілейную ўрачыстасць з нагоды Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці для першакамунійных дзяцей.

Урачыстасць пачалася святой Імшой у катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава з удзелам усіх святароў, кансэкраваных асобаў, дзяцей і вернікаў Магілёва. Узначаліў яе дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.

Нагадваючы, што ў чацвер другога тыдня пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога Касцёл святкуе ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, біскуп сказаў: «Мы ведаем, што любоў Боскага Збаўцы пакінула нам шмат дароў: хрост — праз які мы абмыліся ад грахоў і сталі дзецьмі Божымі; Евангелле — якое паказвае нам шлях да Нябеснага Валадарства; каштоўныя лекі споведзі — якія з нявольніка граху і сатаны робяць нас свабоднымі дзецьмі Божымі; дарагі нашаму сэрцу, святы і чысты Хрыстовы Касцёл — які вядзе нас шляхамі выратавання; любы намі Крыж — на якім Езус, Збаўца свету, адкупіў усіх». «Але найбольш каштоўны і даражэйшы за ўсё дар, які Езус пакінуў нам, — Найсвяцейшая Эўхарыстыя, — падкрэсліў іерарх. — Гэта дар над усімі дарамі, за які мы сёння дзякуем Усемагутнаму!»

Разважаючы ў гаміліі пра Найсвяцейшую Эўхарыстыю, біскуп адзначыў: «Гэта сонца Хрыстовага Касцёла, якое сагравае, асвятляе і ажыўляе яго. Хто не ведае Эўхарыстыі, той не ведае сутнасці хрысціянства. Хто яе разумее і ёю жыве, той многае спасцігае і вядзе сапраўды хрысціянскі лад жыцця».

«Можна было б сумнявацца ў словах чалавека ці нават у слова анёла пра што-небудзь, — працягваў біскуп Аляксандр Яшэўскі. — Але сведчанне аб Найсвяцейшай Эўхарыстыі перадае нам Слова Божае, сам Творца свету, вечная Праўда, які не можа памыляцца або ўводзіць нас у зман. “Гэта ёсць Цела Маё, ... гэта Кроў Мая!” — кажа Пан. І гэтыя словы для нас, хрысціян, азначаюць: гэта ўжо не хлеб і не віно, а Цела і Кроў Езуса Хрыста, хоць мы і далей нашым чалавечым позіркам бачым хлеб і віно. Гэта цуд — невытлумачальны для чалавечага розуму!»

Таксама біскуп вікарый запрасіў усіх прысутных адказаць на важнае пытанне: «чым для нас, католікаў, з’яўляецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя?»

Па-першае, сказаў іерарх, «гэта таямніца любові Бога да чалавека». «Бо “Хрыстус, палюбіўшы сваіх, што былі ў свеце, да канца іх палюбіў”. Браты і сёстры, якія моцныя словы “да канца”, або сказаць прасцей — цалкам. Не ведаю, ці любіў хтосьці кагосьці да канца, але ведаю, што менавіта так палюбіў нас Пан Бог. Калі мы кагосьці моцна любім, то жадаем быць з ім заўсёды — неразлучна, і гэтага не трэба даказваць, пра гэта кажа нам нашае сэрца. Менавіта любоў Езуса да нас, людзей — прычына Яго прысутнасці сярод нас у Эўхарыстыі, — адзначыў біскуп. — Ён, як добры Пастыр, кліча і запрашае прыйсці да Яго: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас!”, “Я — хлеб жыцця”, “Я — хлеб жывы, што сышоў з неба. Хто спажывае гэты хлеб, жыць будзе вечна”. Якімі ж пустымі і сумнымі былі б нашыя Касцёлы, калі б у іх не было Эўхарыстычнага Езуса!»


Па-другое, працягваў біскуп, «Найсвяцейшая Эўхарыстыя — гэта і наша ахвяра Нябеснаму Айцу». «Гэтая ахвяра – наш найлепшы спосаб узнесці славу Богу, аддзячыць за ўсе Яго ласкі, узнесці Яму годнае прымірэнне за ўсялякі наш грэх, а таксама ўзнесці нашыя просьбы да трона Усемагутнага, — патлумачыў іерарх. — Ёю мы стрымліваем справядлівую кару Божую за грахі і правіны чалавецтва. Я перакананы, што калі перастане на зямлі прыносіцца бяскроўная ахвяра Езуса Хрыста, наступіць канец усяму жывому на зямлі. Таму нам трэба імкнуцца як мага часцей удзельнічаць у святой Імшы, не занядбоўваць яе».

Біскуп заклікаў вернікаў праз удзел у эўхарыстычнай працэсіі ў гэты дзень «суправаджаць Езуса сваёй ахвярай і сведчыць аб веры ў Яго прысутнасць пад постаццю Хлеба і Віна».

Па-трэцяе, заўважыў іерарх, «у Найсвяцейшай Эўхарыстыі сам Пан Бог становіцца ежай нашай душы». «Асвячаючы нас, Ён аздараўляе душу і цела, адкрывае радасць знаходжання з Богам, дае жыццё вечнае, — падкрэсліў біскуп вікарый. — Гэта дае нам права называцца паміж сабой братамі і сёстрамі, а таксама братамі і сёстрамі Езуса Хрыста. Таму што ў нашай крыві цячэ кроў Эўхарыстычнага Езуса і наша цела прыпадабняецца да Цела нашага Збаўцы».

Завяршаючы сваё навучанне, іерарх таксама задаў пытанне: «Чаго ж чакае Пан ад нас, якія прымаюць Яго ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі, альбо ад тых, хто прыходзіць у касцёл?» «Перш за ўсё – веры, моцнай веры ў Яго прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце Цела і Крыві. А ўжо сама вера прывядзе нас да больш глыбокага разумення Бога і Яго Касцёла. Напоўніць ласкай і радасцю сэрцы вернікаў, абудзіць жаданне быць бліжэй да свайго Збаўцы», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.


Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі пад суправаджэнне духавога аркестра са Смаргоні і спеў вернікаў быў пранесены з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава па вуліцы Лазарэнкі да польскіх могілак у капліцу св. Антонія. Як прадугледжваў рытуал, удзельнікі затрымаліся чатыры разы, каб паслухаць Божае слова і атрымаць благаслаўленне Езуса для горада Магілёва, вернікаў і ўсіх жыхароў Магілёўшчыны.

Вельмі сімвалічнымі сталі ў гэтым годзе і чатыры алтары. Першы, які рыхтавала катэдральная парафія, быў прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. У гэтым годзе адзначаецца 160-годдзе ўстанаўлення гэтай урачыстасці Піем ІХ і ўзгадваюцца словы Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28).

Парафія Святога Антонія прысвяціла другі алтар Маці Божай Фацімскай, 100-годдзе аб’яўлення якой увесь Касцёл рыхтуецца адзначаць, узгадваючы просьбу Панны Марыі аб навяртанні і пакаянні.

Трэці і чацвёрты алтары былі падрыхтаваны парафіяй Святога Казіміра і святой Ядвігі. У гэты Назвычайны Год Божай Міласэрнасці яны былі прысвечаны Езусу Міласэрнаму, які заклікае паўтараць: «Езу, давяраю Табе» і ўзгадваць, што Бог – Міласэрны Айцец, і Яго дзеці павінны быць міласэрнымі, як і Айцец міласэрны (пар. Лк 6, 36).


Агульнамагілёўская ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста і юбілейная ўрачыстасць з нагоды Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці для першакамунійных дзяцей стала для магілёўскіх католікаў магчымасцю публічна вызнаць сваю веру ў прысутнасць Хрыста пад відам хлеба і віна і аб’яднацца ў адну сям’ю, каб славіць Усемагутнага і пацвердзіць сваё імкненне жыць Богам, з Богам і для Бога.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.