Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перапрашальная субота адбылася ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.06.2016 12:37

4 чэрвеня ў 9 гадзін раніцы ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай да брамаў Божай Міласэрнасці накіравалася з мінскага касцёла свв. Сымона і Алены сёмая аўтобусная пілігрымка вернікаў. Перапрашальная субота ў чэрвені прыпала на ўспамін Беззаганнага Сэрца Марыі пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

У аўтобусе пілігрымы спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, маліліся на ружанцы ў інтэнцыі трыумфу Беззаганнага Сэрца Маці Божай, а таксама спявалі духоўныя песні на ўшанаванне Маці Божай.

У Будславе вернікі мелі магчымасць паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння, каб з чыстым сэрцам прыняць святую Эўхарыстыю.

А 12-й гадзіне ў санктуарыі цэлебравалася святая Імша, пасля якой вернікі перад Святымі Дарамі спявалі Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Потым пілігрымы супольна памаліліся Фацімскі Ружанец з разважаннямі, які праводзілі моладзь і дзеці, на знак перапрашэння Божай Маці за знявагі і блюзнерствы, якімі людзі зневажаюць Яе Беззаганнае Сэрца: абраза Беззаганнага Зачацця; абраза Яе Дзявоцтва; абраза Яе Божага Мацярынства, калі прызнаюць Яе толькі як Маці чалавека; усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Марыі; блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.



Пасля кароткага перапынку на абед у 15 гадзін дарослыя, моладзь і дзеці сабраліся ў святыні, каб памаліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, выпрошваючы патрэбныя дары і ласкі для ўсіх прысутных, а асабліва просячы аб Божай міласэрнасці для ўсяго свету.

Была магчымасць памаліцца ў цішыні, праславіць Бога і ўшанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю духоўнымі спевамі і вершамі:

Найчысцейшае Сэрца Марыі –
Ўсіх самотных і хворых прытулак,
Прамяніцца бязмежнай любоўю,
Ад спакусаў дае паратунак.

 Да Цябе, Найсвяцейшая Маці,
Мы з даверам звяртаемся сёння,
 Каб з пакораю крыж свой прымаці
 І ўзмацняцца у веры штодзённа.

Калі роспач пануе у сэрцы
І душу ахінае трывога,
Тваё чыстае Сэрца сагрэе,
Ты пакажаш шлях верны да Бога!

Праз сваё Найчысцейшае Сэрца
Ты агорнеш любоўю і ласкай
І заўсёды суцешыш у смутку,
Што пануе ў душы, быццам казка.

Ты ўспрымаеш ўсе нашыя просьбы
І падзякі, што шчыра мы ўзносім...
— Адчыні сваё чыстае Сэрца!
О, Марыя! – мы, грэшныя, просім.

— Барані нас ад злога, о Маці!
 Прынясі супакой і лагоду,
Праз ляноту не дай занядбаці,
Адхілі ад нас грэх-перашкоду!

Праз сваё Найчысцейшае Сэрца
Ты усіх нас, Матуля, ратуеш
І распальваеш веру жывую,
Сваёй літасці Ты не шкадуеш!



Умацаваныя Божай любоўю і дарамі Святога Духа, пілігрымы вярнуліся дадому, каб перадаваць Божую любоў, святло і супакой сваім бліжнім і ўсім, каго сустракаюць, каму патрэбна Божая міласэрнасць і мацярынская апека Найсвяцейшай Панны Марыі.

Наступная пілігрымка ў Будслаў адбудзецца 2 ліпеня, у першую суботу, прымеркаваную да ўрачыстасцяў ушанавання Маці Божай Будслаўскай. Таму ў мінскім Чырвоным касцёле можна будзе запісвацца толькі ў сакрыстыі.

На першую суботу жніўня ў пілігрымку будзе магчымасць запісацца ў сакрыстыі Чырвонага касцёла альбо па тэлефонах:

8029 246 62 97, 8025 618 17 50 Уладзімір
8029 167 72 23 Ілля
8033 337 44 95 Ірына
8029 557 08 27 Анастасія

Плануецца, што, пачынаючы з 6 жніўня, ад’езд аўтобусаў ад касцёла будзе ўжо ў 8 гадзін раніцы. Кошт пілігрымкі для дарослых будзе ўдакладняцца, дзецям – бясплатна.

Анастасія-Алена Блусянкова, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.