Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дарогі, якімі мы Бога шукаем»: фотавыстаўка Віктара Ведзеня адкрылася ў Чырвоным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.06.2016 15:52

12 чэрвеня ў Белай зале мінскага касцёла свв. Сымона і Алены адкрылася фотавыстаўка Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем». Экспазіцыя прымеркавана да 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Віктар Ведзень — фотажурналіст, студэнт журфака БДУ. Каля двух гадоў супрацоўнічае з Catholic.by як аўтар і фотакарэспандэнт.

Адкрыццё выстаўкі наведалі шматлікія вернікі Чырвонага касцёла і іншых парафій, сябры Віктара Ведзеня, фатографы Алег Пахомаў і Наталля Пуцята. Таксама на выстаўцы прысутнічаў пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.

На распачацце выстаўкі кс. Уладзіслаў Завальнюк благаславіў усіх прысутных, а затым пасля малітвы выказаў словы падзякі маладому фатографу за такі адмысловы фотапраект.

Пробашч Чырвонага касцёла заахвоціў удзельнікаў выстаўкі далучацца да сёлетняй пілігрымкі ў Будслаў і адзначыў яе вялікую важнасць у духоўным жыцці кожнага католіка.

Наведвальнікі выстаўкі змаглі ў гэты дзень акунуцца ў жыццё пілігрымаў праз унікальныя выявы цікавых момантаў духоўнага падарожжа да Маці Божай Будслаўскай.

Паводле слоў Віктара Ведзеня, выстаўка «Дарогі, якімі мы Бога шукаем» — гэта толькі пачатак, «першы крок» духоўна-даследчага праекта «Людзі-пілігрымы».

Праект будзе распавядаць гісторыі розных людзей, якія крочаць дарогай пілігрымкі па жыцці, пра людзей, жыццё якіх змянілася пасля пілігрымкі ў Будслаў.

«Мэта гэтай выстаўкі — паказаць актуальнасць пілігрымак на сённяшні дзень. Тое, што яны працягваюць жыццё і з кожным годам збіраюць усё больш людзей, якія ідуць гэтай дарогай. І што ў кожнага пілігрыма свае думкі, мэты і просьбы, свае жыццёвыя гісторыі, маленькія цуды, якія здараліся падчас гэтага шляху. А таксама гэта спосаб прыцягнуць увагу іншых хрысціян», — распавёў Віктар Ведзень для Catholic.by.

Віктар дадаў, што ідэя арганізаваць фотавыстаўку ў яго ўзнікла ў 2013 годзе, калі ён упершыню ўдзельнічаў у пілігрымцы «Мінск-Будслаў». «Мне хацелася перадаць свае пачуцці, свой погляд на тое, як гэта адбываецца знутры», — падзяліўся фатограф.

Пасля першай пілігрымкі Віктар перагледзеў свае фотаздымкі і зразумеў, «што іх трэба паказваць людзям».

«Падчас адбору мне падалося, што матэрыялу не хапае. Таму ідэя выстаўкі была адкладзена на пасля. Наступны раз я пайшоў у пілігрымку ў 2015 годзе. Такім чынам, на выстаўцы прадстаўлены здымкі з дзвюх пілігрымак. Але не ўсе, гэта толькі пачатак», — распавядае Віктар.

Подпісы да фотаздымкаў Віктар падбіраў сам. «Гэта своеасаблівыя пасланні, якія дайшлі да нас праз Святыя Пісанні, праз прыклады жыцця тых хрысціян і святых людзей, якія знайшлі свой шлях і паказалі нам адносіны з Богам. Яны нагадваюць кожнаму з нас пра тыя ісціны, прытрымліваючыся якіх, мы можам быць міласэрнымі да іншых», — распавядае аўтар у сваёй анатацыі да выстаўкі.

Фатограф выказвае словы падзякі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які падтрымаў ідэю арганізацыі выстаўкі і аказаў духоўную падтрымку, і кс. Уладзіславу Завальнюку за дапамогу ў арганізацыі.

У планах Віктара Ведзеня — паказаць фотаэкспазіцыю ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, а таксама ў іншых касцёлах Беларусі.

«У Мінску сканцэнтравана шмат выставак. Ёсць людзі, якім цікава каталіцкая тэма, каталіцкае жыццё, тэма пілігрымкі. І ўвогуле фотаздымкі ў маленькіх гарадках, у невялічкіх мястэчках... Такія выстаўкі проста туды не даходзяць. І ў людзей не так шмат магчымасцяў спецыяльна прыязджаць у Мінск і глядзець на выстаўкі, дзесьці яшчэ ўдзельнічаць. Таму хочацца, каб гэта распаўсюджвалася і ішло да людзей. Каб гэта было адкрыта, даступна», — заўважае фотажурналіст.

Выстаўка будзе адкрытая для наведвання да 27-га чэрвеня.

Марына Валасар,
Фота Алега Пахомава і Наталлі Пуцята


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.