Новы крыж усталяваны падчас фэсту ў в. Рудзіцы на Міншчыне |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
20.06.2016 13:49 |
У маленькай вёсцы Рудзіца, што на самым ускрайку Пухавіцкага раёна Міншчыны, 18 чэрвеня каталіцкія вернікі ўсталявалі новы крыж. Асвечаны ж ён быў раней — 27 мая, падчас пастырскай візітацыі ў парафію біскупа Юрыя Касабуцкага. Новы крыж пастаўлены «на заплеччы», за старым, ужо пахіленым ад часу «прадваенным» крыжом. Некалі тут, як кажуць мясцовыя, жанчыны сустракалі сваіх мужоў, якія вярталіся з палёў Вялікай Айчыннай вайны.
Вернік з гэтай вёскі — Казімір Шчасновіч, якому ўжо 70 гадоў і які цяпер жыве ў Мінску, а на малую Айчыну прыязджае толькі як на дачу — кажа, што колькі ён сябе памятае, крыж тут быў заўсёды. Адной з актыўных ініцыятарак усталявання новага крыжа стала Марыя Лабковіч, якая нарадзілася ў Рудзіцы, а цяпер з’яўляецца парафіянкай у Мар’інай Горцы. Прысутнічыла на літургіі таксама і практычна адзіная мясцовая жыхарка Рудзіцы — Валянціна Гурэцкая. Апошнія гады ў вёску прыязджаюць толькі дачнікі.
Крыж складае каля пяці метраў у вышыню і ўмацаваны на трывалай металічнай падстаўцы. Падчас літургіі асвячэння, пасля ўцалавання крыжа было адпраўлена чэрвеньскае набажэнства, якое сваім спевам упрыгожылі дзве арганісткі: Марта Янушкевіч і Крысціна Баёк. Пасля заканчэння, як на кожным фэсце, сабраныя паласаваліся салодкімі пачастункамі. На гэты раз былі свежыя трускаўкі з дачнага агарода адной сям’і, якая таксама прысутнічала на ўрачыстасці.
Кс. Генрых Кучынскі |
Фотарэпартаж |