У Магілёве прайшла дабрачынная акцыя «Дзень добрых спраў» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.06.2016 12:08 |
Дзень добрых спраў зладзілі 16 чэрвеня ў Магілёве валанцёры сацыяльнай ініцыятывы «Ад сэрца да сэрца» разам з валанцёрамі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Caritas-Minsk». Для дзяцей з Магілёўскага дзіцячага хоспіса была падрыхтавана культурна-забаўляльная праграма і разнастайныя падарункі, а самому хоспісу перададзены лекі і рэчы, неабходныя ў працэсе лячэння і побыту падапечных.
Месцам сустрэчы і здзяйснення добрых спраў стаў Магілёўскі катэдральны касцёл. У яго сценах гучалі словы з Евангелля, хрысціянскія спевы і радасны дзіцячы смех. Агенцтва «Акадэмія святаў» падрыхтавала для дзяцей забаўляльную праграму, запрасіўшы маленькіх гасцей у яскравае падарожжа з вясёлымі прыгодамі. Напрыканцы праграмы ўсе прысутныя паўдзельнічалі ў запуску паветраных ліхтарыкаў, якія панеслі з сабой у нябёсы шматлікія добрыя мары і пажаданні для дзяцей і іх родных.
Але на гэтым Дзень добрых спраў не скончыўся. Пасля завяршэння мерапрыемстваў у касцёле, валанцёры завіталі з падарункамі ў госці да дзяцей, якія па стане здароўя не здолелі самастойна прыйсці на сустрэчу. Дзеці і іх бацькі дзякуюць камандзе сацыяльнага праекта «Ад сэрца да сэрца» на чале з Юліяй Гаравіковай, дырэктару дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі а. Андрэю Жылевічу OFM Cap, а таксама ўсім неабыякавым людзям, якія спрычыніліся або прынялі непасрэдны ўдзел у Дні добрых спраў у Магілёве. «Кожная добрая справа, зробленая на зямлі, не застанецца незаўважанай на нябёсах», — падкрэсліваюць арганізатары. Віталь Саболька |
Фотарэпартаж |