Новы крыж вышынёй у сем метраў усталявалі на могілках ля в. Пратасаўшчына Пухавіцкага р-на |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
11.07.2016 13:53 |
10 ліпеня на лясных могілках каля вёскі Пратасаўшчына, што ў Пухавіцкім раёне, падчас адпустовай святой Імшы адбылося ўсталяванне новага крыжа. Тутэйшыя мясціны радуюць прыгожымі краявідамі і таямнічай гісторыяй. Тут, сярод высокіх дрэў, захаваліся руіны капліцы-пахавальні роду Шастоўскіх. Вакол капліцы, якая носіць імя св. Бэнэдыкта, з цягам часу ўзніклі могілкі. Гледзячы на прыгажосць таго, што засталося, можна зрабіць выснову, што людзі, якія будавалі гэтую невялічкую святыню, мелі добры густ і вялікі Божы дар супакою і цішыні. Атэістычны перыяд гісторыі Беларусі зрабіў сваю справу: замест некалі велічнага будынка засталіся толькі пяціметровыя сцены былой пахавальні, рэшткі брамы, а таксама магілы і дрэвы.
10 ліпеня тут была адпраўлена літургія ў гонар св. Бэнэдыкта, які з’яўляецца апекуном гэтай невялікай святыні. Пасля святой Імшы адбылося ўсталяванне крыжа. Гэты крыж быў асвечаны 27 мая падчас парафіяльнай візітацыі ў Мар’інай Горцы дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім. Дубовы брус на крыж ахвяраваў парафіянін з Мар'інай Горкі Віктар Сабалеўскі, які актыўна цікавіцца гісторыяй былых маёнткаў Пухавіцкага раёна і з захапленнем дзеліцца сваімі ведамі з іншымі. Калісьці Віктар працаваў тут старшынёй калгаса.
Яшчэ адным актыўным ініцыятарам і ўдзельнікам гэтай падзеі быў Аляксандр Ахсяневіч — ляснічы Вецярэвічскага лясніцтва, на тэрыторыі якога знаходзяцца капліца з могілкамі. Перад Аляксандрам на гэтай пасадзе працаваў яго бацька Браніслаў Ахсяневіч. Разам з усталяваннем крыжа ад далейшага разбурэння былі захаваны і фрагменты каменнай брамы. На чатыры каменныя слупы пасля ачышчэння іх ад смецця былі ўсталяваны бляшаныя перакрыцці.
Пад спевы арганіста і вернікаў, якіх прыйшло дастаткова шмат, мужчыны падымалі амаль сяміметровы дубовы крыж, які ўзвышаўся сярод галін, што калыхаліся ад ліпеньскага ветру. Марта Янушкевіч, фота кс. Генрыха Кучынскага |
Фотарэпартаж |