«Тры святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі не атрымалі дазволу на працяг душпастырскага служэння». Паведамленне біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.07.2016 11:54 |
Глубокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы! Дарагія вернікі Магілёўшчыны! З вялікім сумам і болем у сэрцы інфармую вас аб тым, што 11 ліпеня я атрымаў паведамленне, што трое святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі не атрымалі дазволу на працяг душпастырскага служэння ў нашай архідыяцэзіі. Сярод іх знаходзіцца таксама святар з Магілёва — пробашч парафіі Святога Казіміра і святой Ядвігі айцец Раман Шульц ОР. З гэтай прычыны 11 ліпеня адбылася сустрэча Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і мая з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у Беларусі Гулякам Л.П. На жаль, падчас нашай сустрэчы мы не атрымалі адказу на пытанне аб падставах прынятага рашэння і сустрэліся з катэгарычнай адмовай перагледзець альбо змяніць яго. Айцец Раман павінен 20 ліпеня пакінуць нашу краіну і Магілёўшчыну. Вельмі сардэчна запрашаю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Магілёўскага рэгіёна 19 ліпеня ў 18.30 прыняць удзел у святой Імшы ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Падчас урачыстай Эўхарыстыі мы падзякуем айцу Раману Шульцу OP за адданае і ахвярнае святарскае служэнне ў нашым рэгіёне і будзем маліцца аб Божым благаслаўленні на далейшае служэнне тым людзям, да якіх пашле яго Пан Бог. Заахвочваю таксама ўсіх вернікаў Магілёўшчыны атуліць малітоўнай апекай справу пошуку новага душпастыра для парафіі Святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, якая актыўна развіваецца, а таксама маліцца аб новых і шматлікіх святарскіх пакліканнях у нашым Касцёле. З’яднаны ў малітве |