«Рашэнне ў дачыненні трох святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі перагледжана»: паведамленне біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
14.07.2016 12:45 |
Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы! Дарагія вернікі Магілёўшчыны!
З вялікай радасцю інфармую вас аб тым, што сёння, 14 ліпеня, я атрымаў паведамленне, што прынятае рашэнне ў дачыненні трох святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якім некалькі дзён таму не далі дазволу на працяг душпастырскага служэння ў нашай архідыяцэзіі, было перагледжана і зменена. Такім чынам усе святары застаюцца, каб працягваць далей сваё служэнне ў нашай краіне. Сярод іх знаходзіцца таксама святар з Магілёва — пробашч парафіі Святога Казіміра і святой Ядвігі айцец Раман Шульц ОР.
Выказваю сваю ўдзячнасць дзяржаўным уладам за пазітыўны перагляд свайго рашэння. У будучыні спадзяюся на канструктыўны падыход да падобных сітуацый, дыялог і разуменне нашага сумеснага служэння людзям нашай Бацькаўшчыны.
Сардэчна дзякую ўсім святарам, кансэкраваным асобам, вернікам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва Магілёўскага рэгіёну, і ўсім людзям добрай волі за малітву і падтрымку. Падзякуем Богу і Маці Божай Бялыніцкай за гэтую ласку і памолімся аб Божым благаслаўленні на далейшае плённае служэнне жыхарам Магілёўшчыны.
Заахвочваю таксама маліцца аб новых і шматлікіх святарскіх пакліканнях у нашым Касцёле, бо «жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала» (Mц 9, 37).
З’яднаны ў малітве
✠ Аляксандр Яшэўскі, S.D.B. Біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці
|