50 пілігрымаў з мінскага Чырвонага касцёла адправіліся на СДМ |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.07.2016 01:29 |
Вечарам 24 ліпеня група з 50 пілігрымаў з мінскага касцёла свв. Сымона і Алены адправілася на Сусветныя дні моладзі ў Кракаў. Перад ад’ездам у інтэнцыі ўсіх пілігрымаў – удзельнікаў СДМ – цэлебравалася святая Імша.
Духоўна натхняў і благаслаўляў пілігрымаў вікарый касцёла свв. Сымона і Алены ў Мінску кс. Раман Суша. Святар назваў вельмі сімвалічным і радасным тое, што яны распачынаюць свой шлях са святой Імшы. Ксёндз Раман Суша пажадаў пілігрымам добра перажыць час Сусветных дзён моладзі і напаўняцца Духам Святым.
Таксама кс. Раман Суша благаславіў пілігрымаў на добрую дарогу і плённае перажыванне гэтых Сусветных дзён моладзі.
Пасля святой Імшы, узяўшы свае рэчы, у добрым настроі, пілігрымы з Чырвонага касцёла адправіліся вуліцамі сталіцы да чыгуначнага вакзала.
Пераадолеўшы ўсе бар’еры падземных пераходаў і звілістых вулачак, удзельнікі СДМ спыніліся каля цэнтральнага ўвахода ў вакзал, каб зрабіць стартавае групавое фота.
У кожнага з пілігрымаў свае мары і чаканні адносна СДМ. «Я чакаю ў першую чаргу больш глыбокага пазнання Бога і паглыблення сваёй веры, а таксама адкрыцця свайго сэрца на штосьці новае. Ну і, канешне ж, новых знаёмстваў і ўмацавання сяброўскіх адносін з тымі, з кім зараз еду», дзеліцца Аляксандра Крываносава. Сафія Маркевіч з Мінска чакае абнаўлення веры і сустрэчы з Папам Францішкам.
У кожнага з пілігрымаў свае чаканні ад СДМ. Наперадзе ж у іх дарога і прыбыццё ў палатачны гарадок недалека ад Кракава. «Менавіта для мяне гэта ўжо не першыя Сусветныя дні моладзі. Пасля СДМ у Кёльне біскуп Антоні Дзям’янка сказаў, што мы ішлі адным шляхам у пілігрымку, а ад катэдры Трох каралёў у Кёльне павінны, як і Тры каралі, пайсці іншай дарогай. Думаю, што любая сустрэча са Святым Айцом – гэта выпраўленне накірунку ў дарозе да Бога. Таму чакаем менавіта гэтага», — прызналася Наталля Лаўранкова, аніматар групы пілігрымаў з Чырвонага касцёла.
Зрабіўшы моднае сэлфі з сябрамі на пероне, пілігрымы гучна і дружна акупіравалі адразу некалькі вагонаў цягніка Віцебск-Брэст, які неўзабаве прыбыў на перон. Марына Валасар, Фота аўтара |