Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч да ўдзельнікаў «Музычнай майстэрні»: «Музыка, якая не мае межаў, аб’ядноўвае веруючых»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.08.2016 02:52

12 жніўня парафію Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, дзе ў гэтыя дні праходзіць традыцыйная «Музычная майстэрня», наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Для ўдзельнікаў «Майстэрні» і парафіян іерарх цэлебраваў вечаровую святую Імшу.

Падчас «Музычнай майстэрні» маладыя музыканты, якія прыбылі ў Івянец з розных парафій Беларусі, знаёмяцца з прынцыпамі касцёльнай музыкі, каб потым дапамагаць у сваіх парафіях у арганізацыі спеваў і хору. Таксама ў межах «Майстэрні», у якой прымае ўдзел каля 200 чалавек, хлопцы і дзяўчаты могуць наведваць заняткі па тэатральным і цыркавым мастацтве.

Кіруе «Майстэрняй» Ян Паспяшальскі, які прывёз у Івянец каманду музыкаў-прафесійналаў з Польшчы, сярод якіх і Хуберт Кавальскі, вядомы польскі дырыжор — адзін з асноўных музыкантаў на Сусветных днях моладзі ў Кракаве.

«Калі фундамент сталы — дом будзе стаяць»

У гаміліі арцыпастыр разважаў над тэкстамі Святога Пісання, якія Касцёл прапануе на пятніцу XIX Звычайнага тыдня. У іх, як адзначыў Мітрапаліт, Касцёл звяртае ўвагу на праблему хрысціянскай сталасці, а для гэтага звяртаецца да прыкладу сям’і.

«Як вядома, сям’я — гэта галоўная клетка кожнага грамадства, яго фундамент. Калі фундамент сталы і моцны, то і дом будзе стаяць доўга. Калі ж ён слабы — дом разваліцца. Падобна і з грамадствам: каб яно было сталым і моцным, неабходна, каб моцнай была сям’я», — сказаў арцыбіскуп.

Разважаючы над першым чытаннем, у якім прарок Эзэхіэль апісвае адносіны паміж Ізраэлем і Богам як шлюбныя сувязі, Мітрапаліт адзначыў, што, на жаль, Ізраэль аказваецца непрыдатным да захавання гэтых сувязяў. Нягледзечы на гэта, Бог міласэрна даруе Ізраэлю яго правіны, каб толькі ён вярнуўся да паслухмянасці Божаму закону.

У Евангеллі Езус на пытанне фарысеяў, ці дазволены разводы, адказвае, што чалавек не можа раздзяляць таго, што Бог злучыў. Фарысеі ж супярэчылі Яму, кажучы, што Майсей гэта дазволіў. На гэта Езус адказаў, што Майсей дазволіў з-за ўпартасці іх сэрцаў.

«На грэчаскай мове “ўпартасць” азначае склероз. Мы ведаем, якой небяспечнай хваробай з’яўляецца склероз, ад якога практычна немагчыма вылечыцца. Аднак гэтую хваробу можна прадухіліць, калі прыняць адпаведныя прафілактычныя меры, — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Сучасны свет хварэе на маральны склероз, зло прадстаўляецца як дабро і лічыцца прагрэсам. Заданне Касцёла — найперш прафілактыка гэтай хваробы праз захаванне Божага права».

Паводле слоў іерарха, «у жыцці мы часта бачым нездаровыя тэндэнцыі думаць, што нехта іншы, можа, наш сусед ці нават сябар, жыве лепш за нас, у яго лепш ідзе бізнес і іншыя справы», і «нават калі ў рэстаране замаўляем ежу, то аглядаемся па баках — ці часам на суседнім стале яна не лепшая».

«Так ці інакш, але мы не заўсёды шануем тое, што маем. Гэта можа быць з-за незадаволенасці ці зайздрасці», — дадаў арцыбіскуп. Кажучы пра тое, што рэакцыя апосталаў на развод была вельмі негатыўнай, і яны адказалі, што ў такім выпадку, можа, лепш не закладваць сям’і, Мітрапаліт адзначыў: «У сувязі з гэтым трэба задаць пытанне: а быць святаром, манахам, манахіняй, самотным лягчэй?»

Іерарх звярнуў увагу, што адказ Езуса на гэта «ясны, бо гэта могуць зразумець тыя, каму дадзена». «Хто можа прыняць гэта, няхай прымае. Да чаго мы пакліканы, для паспяховага выканання таго і атрымаем адпаведную ласку ад Бога», — патлумачыў арцыпастыр.

Кажучы пра тое, што ў Івянцы адбываецца традыцыйная «Музычная майстэрня», Мітрапаліт адзначыў: «Тут збіраюцца тыя, каго Бог адарыў добрым голасам ці слухам, хто можа прыгожа спяваць і граць на музычных інструментах».

На фота ўверсе: дырыжор і музыкант Хуберт Кавальскі з Польшчы


Іерарх нагадаў, што ў літургічнай практыцы Каталіцкага Касцёла сакральная музыка займае важнае месца, «Касцёл заўсёды прапагандаваў культуру, у тым ліку музыку», вельмі шмат твораў было напісана на рэлігійныя тэмы. 

Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі аб святой Літургіі, як дадаў арцыбіскуп, шмат увагі прысвячае літургічнай музыцы і спевам, а сакральны спеў, злучаны з Божым словам, з’яўляецца неад’емнай часткай Літургіі. Таму «Сабор заахвочвае аберагаць скарбніцу сакральнай музыкі, падтрымліваць музычную адукацыю спевакоў і цэлебраваць набажэнствы са спевам».



«Калі здаровая сям’я з’яўляецца гарантам адзінства грамадства, то і музыка, якая не мае межаў, таксама аб’ядноўвае веруючых, каб былі адзінымі», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт пажадаў удзельнікам «Музычнай майстэрні» цаніць ласку паклікання быць спевакамі, арганістамі, кіраўнікамі хораў, якую яны атрымалі ад Бога, каб маглі заставацца вернымі Яму і тым самым перажывалі духоўную радасць у сваіх сэрцах і неслі яе іншым, спрыяючы будаванню адзінства ў Касцёле.

 (DN), (AG), фота Ільі Лапато

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.