Парафіяльная ўрачыстасць у магілёўскай катэдры: «Быць сведкамі Хрыста праз веру, надзею і любоў» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
16.08.2016 11:04 |
15 жніўня ў магілёўскім катэдральным касцёле адбылася святая Імша з нагоды парафіяльнай урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На Імшы прысутнічалі святары і вернікі не толькі з магілёўскай катэдры, але і з іншых парафій Магілёўшчыны, а таксама святары Грэка-Каталіцкай Царквы, у тым ліку Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
У гаміліі архімандрыт адзначыў, што ўрачыстасць Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі прыпадае якраз на апошні месяц канікул, перад новым душпастырскім годам, калі дзеці ідуць у школу і пачынаецца катэхізацыя. «Таму менавіта зараз гэта нас запрашае, каб мы задумаліся, як мы духоўна папрацавалі ў мінулым годзе. Багародзіца застаецца для нас настаўніцай хрысціянскага жыцця», — сказаў Апостальскі візітатар. Архімандрыт таксама нагадаў словы Папы Францішка: «Жыць міласэрнасцю да нашых бліжніх трэба кожны дзень, а не толькі на асаблівыя ўрачыстасці, таму што гэта і ёсць наша хрысціянскае пакліканне — быць сведкамі Хрыста праз веру, надзею і любоў, якія з'яўляюцца асаблівымі Божымі дарамі».
Традыцыйна пад канец святой Імшы адбылося асвячэнне садавіны і гародніны — першых пладоў новага ўраджаю, якія вернікі прынеслі ў знак падзякі. Эўхарыстыя завяршылася працэсіяй вакол касцёла. |
Фотарэпартаж |