Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на Імшы для пілігрымаў у межах урачыстасцяў Маці Божай Лагішынскай
22.08.2016 11:53

21 жніўня 2016 г.

У доме Маці вітаю сёння тых, хто пілігрымуе да гэтага месца ўжо некалькі дзён. Найперш на парозе гэтага дома вітае Яна — Маці Бога і Чалавека, Маці ўсіх нас людзей, Маці Касцёла. Якая ж гісторыя прысутнасці Божай Маці ў цудадзейным абразе, да якога вы, дарагія пілігрымы ішлі пешшу чатыры дні, пераадольваючы ў спёку штодзённа дзясяткі кіламетраў, молячыся на сваіх нагах. Бо, сапраўды, пілігрым па дарозе да святых месцаў моліцца і нагамі. Успомнім пра Яе ў 25-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Касцёл у Лагішыне быў пабудаваны ў 1634 г. намаганнямі Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які ў гэты час валодаў мястэчкам. Але пасля паўстання Кастуся Каліноўскага царская ўлада перадала святыню праваслаўным вернікам. У 1893 г. яны разабралі яе, а касцёл перанеслі на могілкі, дзе ён у 1897 г. згарэў. Пасля гэтага католікі не мелі свайго храма і мусілі ездзіць у пінскія касцёлы.

І толькі ў 1905 годзе, калі быў абвешчаны так званы Талерантны ўказ, у Лагішыне пабудавалі новы касцёл у гатычным стылі, асвечаны 14 ліпеня 1913 г. біскупам Магілёўскай дыяцэзіі Вінцэнтам Ключынскім. У цэнтры яго галоўнага алтара быў змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам.

У час шведскіх наездаў адзін з вайсковых аддзелаў затрымаўся ў Лагішыне. Афіцэр аддзела Галабурда, які хацеў вывезці абраз, затрымаўся на пастой у сакратара горада Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзвярэй у сенцах. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзвярыма. Малішэўскія занеслі яго ў святыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі. Праз заступніцтва Маці Божай святыня ацалела ад вялікага пажару, падчас якога згарэлі ўсе навакольныя дамы... Доўгі час абраз знаходзіўся ў праваслаўнай царкве. Але католікі не забывалі пра яго і прыходзілі маліцца да сваёй Каралевы Палесся, а між сабою называлі яго «наш абраз». Усведамленне гэтае было настолькі моцнае, што ў рэшце рэшт у 1938 годзе маладыя парафіяне-католікі таемна вынеслі абраз Маці Божай з царквы і перанеслі яго ў свой касцёл. Абраз быў адноўлены, і біскуп Казімір Букраба ўрачыста змясціў яго ў галоўным алтары лагішынскага касцёла...

Дзякуючы намаганням арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены лагішынскаму касцёлу. 10 мая адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная яго каранацыі. У дзень парафіяльнага свята, якое штогод адзначаецца ў Лагішыне, на ўрачыстай святой Імшы Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, абвясціў дэкрэт аб устанаўленні ў Лагішыне дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай.

«Беручы пад увагу духоўнае дабро Божага люду, абапіраючыся на канон 1230 Кодэксу кананічнага права, а таксама на статут 726 §3 Сінадальнага права, святыню ў Лагішыне, у якой знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай, укаранаваны папскімі каронамі, узводжу ў ранг санктуарыя Пінскай дыяцэзіі», — гаворыцца ў дэкрэце пастыра дыяцэзіі.

У гэтым дакуменце таксама падкрэсліваецца, што апекавацца марыйным санктуарыем даручаецца Супольнасці Малой Справы Божага Провіду — айцам-арыяністам, якія на працягу многіх гадоў ахвярна працуюць у Беларусі і вядомыя ў краіне не толькі як руплівыя душпастыры, але таксама як тыя, хто дзейсна дапамагае ўсім патрабуючым. Санктуарый Каралевы Палесся славуты тым, што Маці Божая, якая трымае на руках Дзіцятка Езус, выслухоўвае тых, хто да Яе абраза прыходзіць і выконвае Яе распараджэнні так, як гэта зрабілі слугі на вяселлі ў Галілейскай Кане.

Евангелле апісвае нам заступніцтва Марыі на вяселлі ў Галілейскай Кане. Маці заўважае рэальны стан рэчаў, якія, напэўна заўважыў і Езус. Не маюць віна. Так шмат разоў маці прыгадваюць дзецям аб рэальным стане відавочных спраў. Дарослае дзіця тады часта бунтуецца, кажучы, што аб відавочных справах не трэба нагадваць. Можа, менавіта так можна вытлумачыць рэакцыю Пана Езуса. Ці ж гэта Твая альбо Мая справа, жанчына? Яшчэ не надышоў Мой час. Але тым больш здзіўляе адназначнае распараджэнне Марыі. Зрабіце ўсё, што вам скажа Сын.

Прыгадваем гэты фрагмент у Год Міласэрнасці, бо Марыя з’яўляецца Маці Міласэрнасці. Яна сама адчувае патрэбы чалавека, бачыць неабходнасць дапамогі і такім чынам дамамагае нам, звяртаючыся да свайго Сына. Хоць Міласэрны Бог ведае, як распараджацца сваёй міласэрнасцю, больш за тое, толькі Ён ведае межы міласэрнасці,  калі ўвогуле такія існуюць... Але сама міласэрнасць застаецца для нас таямніцай. Маці Міласэрнасці паказвае як бы чалавечы вобраз міласэрнасці, вынікаючы з нашых чалавечых патрэбаў.

Таму прыходзім да Маці Міласэрнасці з канкрэтнымі просьбамі, праблемамі і радасцямі. Прыходзім адзінокія з таямніцамі нашага сэрца. Прыходзім сем’ямі, парафіяльнымі супольнасцямі і як уся дыяцэзіяльная сям’я. Я вас заахвочваю, каб вы пры сэрцы Міласэрнай Маці адкінулі свой баласт пілігрымаў, з якім прыйшлі ў гэтае месца. Яна, напэўна, перадасць нават самыя таемныя вашыя думкі і пажаданні свайму Сыну, заўважаючы нават тыя праблемы, аб якіх, можа, у дадзеную хвіліну вы і забыліся альбо не лічыце іх вельмі важнымі.

Як біскуп і пастыр дыяцэзіяльнай супольнасці, хачу ў гэты момант разам з вамі, якія прадстаўляеце дыяцэзіяльную супольнасць, заўважыць і падзякаваць Найсвяцейшай Маці, Маці Міласэрнасці і Каралеве Палесся, за міласэрнае заступніцтва за нас перад Сынам, якое мы адчуваем у штодзённым жыцці нашай Пінскай дыяцэзіі. Падзякаваць за ахвярных святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі. Гэта і кс. Станіслаў Рыжка, які ў гэтай святыні працаваў, кард. Казімір Свёнтэк, першы кардынал Беларусі, спачылы 5 гадоў таму ў крыпце пінскай катэдры, кс. Ежы Росяк з Паланэчкі, 30-ю гадавіну смерці якога адзначаем у гэтым годзе, і кс. інф. Вацлаў Пянткоўкі з Мядзведзіч, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, які адышоў да Пана 25 год таму. Яна тым пакаленням вернікаў спрыяла сваёй пасрэдніцкай дапамогай.

Але не пакідае і нас, якія ўшаноўваем Яе тут, у лагішынскім санктуарыі, заклікаючы як Маці нашу Каралеву Палесся. Гэтае пасрэдніцтва Маці прыгадвае нам заступніцтва з Галілейскай Каны. Яна бачыць, колькі нам яшчэ не хапае касцёлаў, і праяўленнем міласэрнасці з’яўляецца факт, што святыні будуюцца. Што парафіяльныя супольнасці пад кіраўніцтвам душпастыраў распачынаюць цяжар будовы касцёлаў. Праяўленнем такога клопату Маці з’яўляецца факт, што дзякуючы Божай міласэрнасці нашыя касцёлы не пусцеюць, але, наадварот, запаўняюцца. Праяўленнем клопату Маці і пасрэдніцтва ў Божай міласэрнасці з’яўляецца і факт, што людзі трываюць у веры, многія знаходзяць дарогу да Бога і адшукваюць сэнс свайго жыцця.

Зрабіце ўсё, што вам скажа Сын. Мы чуем словы ў гэтым месцы, і з гэтымі словамі мы хочам вяртацца ў свае дамы, сем’і і парафіяльныя супольнасці. Ідучы за падказкай Марыі, Яму, Езусу, давяраем сваю дарогу, давяраем Яму таму, што Ён сам будзе праз нас дзейнічаць. Ідучы за заахвочваннем Марыі, давяраем Яму ўсе нашы клопаты і цяжкасці, і ўжо цяпер прадбачым плады такой ласкі. Мы чуем заклік, які часта паўтарае Святы Айцец – лозунг гэтага года, – “Будзьце міласэрнымі, бо міласэрны Айцец ваш нябесны”. І такой міласэрнасці вучымся ў адносінах да іншых. Евангелізацыйнае вымярэнне нашага жыцця — гэта несці праўду іншым, свету аб міласэрнасці Айца і аб тым, што самому трэба быць міласэрным. Марыя застаецца для нас Маці Міласэрнасці і недасяжнай настаўніцай веры. Падзякуем Марыі за Дом Міласэрнасці ў Лагішыне, які ўжо дзейнічае 5 год, а многія людзі старэйшага ўзросту, хворыя знайшлі прытулак і апеку ў гэтым першым і пакуль адзіным у Беларусі каталіцкім доме для пенсіянераў. Дзякуем Марыі за калектыў працаўнікоў на чале з кусташам санктуарыя кс. арыяністам Тадэвушам Шэшко, якія ахвярна працуюць тут і падтрымліваюць атмасферу міласэрнасці сярод насельнікаў, бо ў сённяшнім свеце яна так патрэбная. Дзякуем усім неабыякавым, зацікаўленым у захаванні гэтай справы ўладам вобласці, Пінска і раёна за падтрымку гэтай Божай справы.

Зрабіце ўсё, што вам скажа Сын. Няхай гэтыя словы будуць для Яе падзякай у гэтым доме. Няхай наблізяць нас да пульсуючага сэрца Міласэрнага Бога, якое перад усім адчуваем праз Эўхарыстыю. Няхай будуць заахвочваннем і ўказаннем, дзе шукаць крыніцу сілы ў нашых штодзённых намаганнях і цяжкасцях. Дыялог з Галілейскай Каны няхай будзе і нашай размовай з Ёю і за Яе штодзённай парадай зваротам да вытокаў міласэрнасці, зыходзячых з нашых святыняў.

Ёсць шмат абразоў і фігур, дзе Маці Божая Беззагана Зачатая паказана, калі топча галаву смоку, як сімвал перамогі над сатаной. І сучасны свет павінен ісці дарогай, якую паказвае Божы Провід. У гісторыі няма нічога вечнага, апрача спрадвечнай справядлівасці. Усё прамінае так, як і прамінуў атэізм. Толькі Касцёл застаецца. І ён нястомна вучыць, што людзі — гэта Божыя дзеці, маюць несмяротныя душы і адпачынак знойдуць толькі ў Богу. У Святой Тройцы, бо чалавек найважнейшы ў Бога. Няхай сустрэча пры абразе Маці Божай Лагішынскай, славутым цудамі, будзе нашым выразам пашаны да міласэрнага Бога праз Яе пасрэдніцтва. Няхай Маці Божая Лагішынская і надалей будзе выхавальніцай людзей веруючых і сумленных. Няхай будзе крыніцай новай надзеі на адважны паход у будучыню маладому пакаленню вернікаў.

Праходзячы праз Браму Міласэрнасці ў Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, абвешчаны Святым Айцом Францішкам, і маючы магчымасць атрымаць на працягу ўсяго Юбілейнага Года ласку поўнага адпусту ў гэтым марыйным санктуарыі Каралевы Палесся, які вызначаны ў нашай дыяцэзіі як адзін з сямі, мы заклікаем Яе, Апякунку Усходняга і Заходняга Палесся, быць для нас таксама настаўніцай веры на дарогах нашага жыцця і Маці Міласэрнасці. Гледзячы на цудадзейны абраз, звяртаемся да Яе, заклікаем Яе ў нашых патрэбах словамі: «Святая Марыя, міласэрная да грэшнікаў, брама нашага збаўлення, крыніца салодкай любові, Маці міласэрнасці, надзея тых, хто на Цябе спадзяецца, суцяшэнне нешчаслівых, радасць засмучаных, дапамога бедных, да якой мы прыходзім з нашымі малітвамі, да якой тулімся, калі нас прыніжаюць, да якой звяртаемся з дапамогай, якую з пабожнасцю просім, якую з пакорай просім, якую ў цярпеннях заклікаем». Святы Альфонс так звяртаўся да Марыі: «О Найсвяцейшая Дзева – Ты мела большую і мацнейшую веру, чым усе людзі і ўсе анёлы».

Маці Божая, навучы нас моцнай веры ў Твайго Сына Езуса Хрыста, любові і адказанасці за Касцёл, міласэрнасці да бліжніх і трываласці ў штодзённай малітве.



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі