«Вучоба дапамагла лепей пазнаць сябе»: выпускнікі тэалагічнага каледжа ў Мінску пра плёны навучання |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.08.2016 16:04 |
Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля існуе ўжо шэсць гадоў і
карыстаецца папулярнасцю сярод вернікаў з розных парафій Беларусі.
Студэнты каледжа на працягу трох гадоў атрымліваюць веды па розных
тэалагічных дысцыплінах. Зусім хутка ў каледжы распачнецца новы навучальны год, а пра тое, ці спатрэбіліся веды, атрыманыя там, і як навучанне паўплывала на далейшае жыццё, мы паразмаўлялі з выпускнікамі гэтай установы. Эле Капцавай, якая скончыла каледж у 2013 годзе і была сярод першых яго выпускнікоў (тады яшчэ цэнтр катэхетаў – Рэд.), атрыманыя веды спатрэбіліся адразу. Жанчына рыхтавала пары да шлюбу і вось ужо тры гады вядзе катэхезы для дзяцей у касцёле Спаслання Святога Духа ў Барысаве. «У нас розная колькасць дзетак. Першы год быў адзін хлопец, потым пяць, у гэтым годзе таксама пяць, і, здаецца, будуць набірацца групы ў будучыні. Тое, чаму нас навучалі, спатрэбілася. Дзеці і іх бацькі часта звяртаюцца да мяне з пытаннямі, а пасля дзякуюць. Так што я вельмі ўдзячна Богу за тое, што маю гэтыя веды, — дзеліцца Эла. оВікторыя Навасад з катэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адзначае, што каледж для яе стаў нібы сям’ёй, у якой усе навучэнцы — гэта браты і сёстры, а выкладчыкі – як духоўныя бацькі. «Адной з першых рэчаў, якой я навучылася ў каледжы, былі словы з Новага Запавету: “Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці” (2Цім 3, 16)», — распавядае Вікторыя. Выпускніца пакуль не працуе катэхеткай, але прызнаецца, што веды, атрыманыя ў каледжы, дапамагаюць ёй «перш за ўсё глыбей зразумець таямніцу паклікання кожнага чалавека да пазнання і праслаўлення бясконцай Любові, да Бога». «Да таго ж прасцей адказваць на пытанні, якія мне задаюць блізкія. Але гэта становіцца магчымым толькі тады, калі сведчыш сваім жыццём аб Езусе Хрысце, калі Ім жывеш. Бо словы не маюць вартасці без спраў. Калі кожны дзень імкнешся жыць у Праўдзе і перадольваць цяжкасці гэтага свету з Богам, то людзі гэта бачаць і пачынаюць задаваць пытанні. Тады і можна, і патрэбна дзяліцца тым, чаму навучылі “бацькі” тэалагічнага каледжа», —заўважае Вікторыя. оДля Сафіі Віторскай з Мінска вучоба ў каледжы была «чарговай прыступкай у духоўным развіцці». «Калі прыйшла на вучобу, то зразумела, што вучыцца не так складана, як мне раней уяўлялася. Асабліва першы год я была ў захапленні ад таго, што атрымліваю. Кожны прадмет быў цікавым, бо раней я з падобным не сустракалася ні на нейкіх курсах, ні ва ўніверсітэце. Гледзячы на гэтае навучанне зараз, я разумею, што менавіта тады мне і патрэбны быў гэты каледж: заняткі, выкладчыкі, людзі, з якімі вучылася. Вучоба дапамагла мне лепей пазнаць сябе, паглыбіць тэалагічныя веды, пашырыць свой кругагляд і ўзмацніць веру», — распавяла Сафія. оВыпускніца 2015 года Ірына Лямбовіч зараз актыўна катэхізуе дзяцей і заўважае, што гэтая справа ёй вельмі падабаецца. «Спачатку я хвалявалася і, шчыра кажучы, не вельмі хацела, бо ў звычайным жыцці працую юрыстам і ніколі не мела кантактаў з дзецьмі. Але пасля ўгавораў і роздуму ўсё ж такі згадзілася ўзяць адну групу і паглядзець на ўласным вопыце, як жа гэта насамрэч. Ну і, канешне, мне спадабалася», — заўважыла Ірына. У мінулым годзе дзяўчына вяла катэхезу для чатырох груп — ад дашкольнікаў да вучняў сёмага класа. «З кожным класам мы мелі свае “фішкі”, усе групы былі розныя, але аднолькава цікавыя, нават у першую чаргу для мяне. Хаця здаралася, што і некаторыя дзеці казалі: мы не можам дачакацца дня, калі будзе катэхеза. Там ім падабалася. Спадзяюся, што я змагла ўліць у іх сэрцайкі хоць крышачку Божай навукі», — адзначае Ірына Лямбовіч. «Дзеці — гэта такія анёлкі! Яны такія сонечныя і непасрэдныя. Нават калі здаралася прыйсці на катэхезу з кепскім настроем, то пасля катэхезы неяк станавілася весялей і святлей на душы. З цягам часу колькасць дзетак павялічвалася, але я была толькі рада гэтаму. Лічу, што праца з дзецьмі мне дапамагла стаць больш адказнай, жыццярадаснай і маё жыццё на сто працэнтаў змянілася да лепшага», — падзялілася Ірына. |