Свята восені для дзяцей адбылося ў мінскім «Карытас» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.08.2016 12:36 |
24 жніўня ў дзіцячым цэнтры «Карытас» у вёсцы Ляскоўка адбылося свята, прысвечанае надыходзячаму навучальнаму году. Мерапрыемства было арганізавана па сумеснай ініцыятыве дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» і «SOS-дзіцячая вёска Бараўляны». Гасцямі свята сталі сем’і, якія жывуць у Цэнтры святога Лукі — дзеці, хворыя на анкалогію, і іх бацькі. Таксама на свята былі запрошаны прыёмныя сем’і з «SOS-дзіцячая вёска Бараўляны» і дзеці з Асацыяцыі шматдзетных сем'яў.
— Сама ідэя арганізацыі гэтага свята ўзнікла таму, што нашы дзеці вучацца дома, у іх няма магчымасці пайсці ў школу з-за хваробы. Каб яны пачулі радасць, адчулі надыход новага навучальнага года, мы вырашылі арганізаваць гэтае свята, — распавядае Святлана Кудравец, каардынатар праектаў «Карытас». — А каб было весялей, мы запрасілі яшчэ дзетак з «SOS-дзіцячай вёскі», а таксама прадстаўнікоў Асацыяцыі шматдзетных сем’яў, дзеці якіх у хуткім часе сядуць за школьную парту. Уступнае слова на адкрыццё свята восені прамовіў а. Андрэй Жылевіч OFM Cap, дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае таварыства "Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі». Святар прывітаў усіх прысутных цёплымі словамі і заахвоціў адчуваць сябе як дома.
Для гасцей выступілі валанцёры «Карытас», аб’яднанне шпітальных клоўнаў «FunnyNose» і суполка з мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля «Адкрытае сэрца» з забаўляльнай праграмай па матывах казкі «Бураціна». Артысты выступалі амаль на прафесійным узроўні, нягледзячы на тое, што прафесійных акцёраў і аніматараў сярод іх няма. Пра тое, адкуль узяліся ўсе гэтыя таленавітыя людзі, кажа каардынатар суполкі «Адкрытае сэрца» Таццяна Купцова:
— У нас сямейны калектыў — бацькі і дзеці сярод артыстаў. Усё пачалося восем гадоў таму ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. Нас, бацькоў, тады запрасілі дапамагчы ў араторыі, дзе займаліся нашы дзеці. У святароў і сясцёр не хапала на ўсё часу. І мы ўзялі на сябе працу па арганізацыі парафіяльных святаў і рэкалекцый. А зараз мы выступаем не толькі ў нашым касцёле, але і, па магчымасці, усюды, куды нас запрашаюць. У нашым рэпертуары не толькі забаўляльныя праграмы, але і сур’ёзныя спектаклі. Прафесіяналаў сярод нас амаль няма. Хтосьці медыцынскі работнік, хтосьці будаўнік, ёсць нават дырэктар завода. Я, напрыклад, працую інжынерам-тэхнолагам на «Інтэграле». Як у нас усё атрымліваецца? Калі штосьці робіш для Бога і з Богам, Ён дапамагае, Ён сам адкрывае таленты ў людзях.
З Таццянай згодная і Святлана Кудравец: — Усё атрымлівалася даволі лёгка, — распавядае Святлана пра арганізацыю свята. — Я лічу, што толькі дзякуючы Божай дапамозе, Яго падтрымцы, мне лёгка ўдалося сабраць гасцей свята, знайсці артыстаў. Усё складвалася вельмі спрыяльна, нават з надвор’ем пашанцавала. Напрыканцы свята да новага навучальнага года ўсе маленькія госці атрымалі падарункі. |
Фотарэпартаж |