«Знайдзіце свой запал і служыце людзям»: гурт «Рыбы» прэзентаваў новы альбом |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.08.2016 13:09 |
27 жніўня ў Жодзіне гурт «Рыбы» прэзентаваў свой другі альбом пад назвай «Любі». Пра тое, як прайшла прэзентацыя, распавядае Вольга Качалка: «На дварэ касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне была расстаўлена музычная апаратура, зладжаны дэкарацыі, запальваліся свечы. Не было мітусні ― было чаканне цёплага душэўнага вечара. Збіралася грамада гасцей, якія пакрысе з’язджаліся на канцэрт.
Ужо загадзя гурт "Рыбы" запрашаў усіх на прэзентацыю свайго другога альбома «Любі» 27 жніўня. Я ведала, што паеду, бо ў такі добры час сярод знаёмых і сяброў заўсёды бачу, як Божая любоў разліваецца праз добрыя позіркі, шчырую радасць і абдымкі людзей. «На глыбіню плыві» Сонца садзілася за гарызонт, госці займалі месцы на адмыслова падрыхтаваных пакрывалах, укутваліся ў прапанаваныя пледы, пілі гарбату, частаваліся згатаваным печывам. Паўсюль можна было ўбачыць вывешаныя фотаздымкі, на якіх ― усе ўдзельнікі праекту падчас шматлікіх служэнняў, на фэстах, у вязніцах, на канцэртах. "Рыбы" яшчэ не пачыналі граць, а свята ўжо захапіла нашыя сэрцы. "Час маліцца", ― пачула я прашаптаныя сярод "рыбак" словы ― гэта значыць, што ўсе ўдзельнікі гурта, як і заўсёды перад выступленнем, адыходзяць убок і ў малітве аддаюць усё сваё служэнне, увесь час Духу Святому.
Канцэрт гурта "Рыбы" ўяўляў сабоё праслаўленне нашага Пана, ушанаванне Яго вялікіх спраў у нашым жыцці. Выйшла, што адбыўся зусім не канцэрт, а супольная малітва. Мы пачулі і новыя песні, і ўлюбёныя хрысціянскія "хіты", быў час для глыбокага засяроджання і час для радасных танцаў і ўзнятых рук.
У перапынках мы пачулі ад удзельнікаў, якім чынам кожны трапіў у праект, што значыць для іх удзел у гурце, а таксама словы падзякі ўсім людзям добрай волі, якія паспрыялі з’яўленню альбома: Ядзі Багдановіч, якая з’яўляецца аўтарам усіх новых песень, айцу Міхаілу Цвячкоўскаму МІС, які для рэпетыцый даў у карыстанне памяшканні касцёла ў Жодзіне, айцу Яну Глінку SVD, які прапанаваў студыю гуказапісу, а таксама ўсім ахвярадаўцам.
Прэзентацыя скончылася, на дварэ сцямнела, а людзі яшчэ доўга не разыходзіліся, дзелячыся ўражаннямі. Я абдумвала словы ўдзельнікаў праекта: знайдзіце свой запал і служыце людзям, праслаўляйце ўсім сваім служэннем нашага Пана Езуса Хрыста... Такім сведчаннем "Рыбы" натхняюць на якасную працу, бо кожны з нас, хрысціян, таксама можа служыць бліжнім сваім талентам, варта толькі быць трывалым і паслядоўным у творчасці. Варта толькі рабіць ― і Бог адорыць плёнам». |
Фотарэпартаж |