Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас першай св. Імшы Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра
04.09.2016 14:09

Мінская архікатэдра, XXIII нядзеля, Год С
4 верасня 2016 г.

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, паважаныя Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Евангелле, якое Касцёл прапануе нашай увазе на сённяшні дзень, можа выклікаць нямала пытанняў і, на першы погляд, выглядае не толькі незразумелым, але і супярэчным навуцы Хрыста. Езус кажа, што той, хто не зненавідзіць свайго бацькі, маці, жонкі і дзяцей, не можа быць Ягоным вучнем.

Як такое магчыма? Езус вучыць любіць не толькі бліжняга, а нават і ворагаў. Ці члены сям’і не бліжнія? Бліжнія. Дык у чым справа? Як трэба разумець гэтыя словы Езуса? Ці сапраўды неабходна ўзненавідзець родных, каб быць паслядоўнікам Хрыста? Калі мы прымем словы Езуса літаральна і будзем так паступаць, то нажывем сабе ворагаў не толькі ў нашым асяроддзі, але і ў нашых сем’ях.

2. Такая дылема паўстае, калі мы літаральна трактуем Святое Пісанне. На самой справе, каб падкрэсліць важнасць прысвячэння чалавека Богу, Езус часта выкарыстоўваў паэтычныя выразы, мову людзей таго часу і прыклады са штодзённага жыцця ўсходняй культуры. Таму слова “зненавідзець” не мае негатыўнага зместу, а наадварот, уключае ў сябе пазітыўны.

Нярэдка можна пачуць, што нехта любіць адну рэч больш за іншую. Гэта не азначае, што чалавек не любіць тую іншую рэч або ненавідзіць яе. Зусім не. Проста яна яму падабаецца менш, чым першая. Усё як у рэкламе лекаў: «Добрыя лекі не з’яўляюцца добрымі, толькі таму, што яны лепшыя». Іншымі словамі, Хрыстус хоча сказаць нам, што на першым месцы заўсёды павінен заставацца Бог.

3. Адзін настаўнік распавядае аб тым, як ён папрасіў вучняў напісаць дзесяць найбольш важных у іх жыцці спраў. Калі яны гэта зрабілі, ён папрасіў выкрэсліць тры апошнія. Засталося сем. Пасля гэтага ён папрасіў ізноў выкрэсліць тры апошнія. Засталося чатыры. І яшчэ раз папрасіў паўтарыць тое ж самае. Засталася адна справа. Якая? Аказалася, што вучні засяродзіліся на трох тэмах: сям’я, жыццё і Бог. Вось што мела самае вялікае значэнне ў іх жыцці. Гэта ўсё кажа пра тое, што, нягледзячы на секулярныя тэндэнцыі нашага часу, усё ж такі моладзь выбірае фундаментальныя каштоўнасці. Сярод якіх — Бог.  

Трэба памятаць аб тым, што Бог не імкнецца да канкурэнцыі адносна любові да членаў нашай сям’і. Ён толькі хоча сказаць, што любоў да Яго павінна быць на першым месцы. Ставячы Бога на першае месца, мы можам быць упэўнены, што сапраўды любім нашых братоў і сясцёр Божай любоўю і супрацоўнічаем з Ягонай любоўю.

4. Такой сапраўднай любові нас вучыць Касцёл праз сваіх святароў і біскупаў, якія спецыяльна для гэтага пакліканы.

18 жніўня 2016 г. у Беларусь прыбыў новы Апостальскі Нунцый Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Габар Пінтэр, які сёння цэлебруе сваю першую святую Імшу ў мінскай катэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Эксцэленцыя, Вы прыходзіце да нас як біскуп, як той, хто дзякуючы біскупскай кансэкрацыі атрымаў паўнату святарства з мэтай навучаць, асвячаць і ў любові і служэнні кіраваць Божым народам. Прыходзіце як той, хто належыць да калегіі біскупаў, якую ўзначальвае Наступнік св. апостала Пятра і якая без яго не можа існаваць. Прыходзіце як Апостальскі Нунцый, які прадстаўляе самога Папу.

Мы ўжо прызвычаіліся да слова «Нунцый». Але яшчэ не так даўно, у часы ганенняў на Касцёл, так не было. У Беларусі было вельмі мала святароў, а што казаць пра біскупаў, тым больш пра Нунцыя. Дзякуй Богу, усё змянілася на лепшае і ў гэтым Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці мы адзначаем сярэбраны юбілей адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Гэты час адзначыўся многімі пазітыўнымі падзеямі ў рэлігійным жыцці нашай краіны. Адным з вельмі важных і прынцыповых было ўстанаўленне дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Апостальскім  Пасадам у 1993 г.

Пасля гэтага Нунцыямі ў Беларусі былі арцыбіскупы Габрыэль Мантальва, Аўгустыно Маркетта, Дамінік Грушоўскі, Іван Юркавіч, Марцін Відавіч, Клаўдыё Гуджэроцці і цяпер сваё служэнне распачынаеце Вы, Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Эксцэленцыя, Вы з’яўляецеся першым у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Венгрыі Апостальскім Нунцыем. Гэта ганарова і адначасова адказна, тым больш што першым месцам Вашай місіі з’яўляецца Беларусь — краіна з больш чым тысячагадовай гісторыяй хрысціянства, якая перажыла часы росквіту веры і яе жудасны пераслед і якая цяпер адраджаецца да новага жыцця.

Тут добра прыгадаць, што першы прадстаўнік Ватыкана ў Савецкім Саюзе быў прызначаны яшчэ ў 1990 г. Ім стаў арцыбіскуп Франчэско Каласуонна, які аўтаматычна стаў першым прадстаўніком Папы ў Беларусі. Дзякуючы яго намаганням было падрыхтавана адраджэнне касцёльных структур у нашай краіне, што сталася ў 1991 г.

Усе Апостальскія Нунцыі ўнеслі вельмі вялікі ўклад як у адраджэнне і развіццё Касцёла ў Беларусі, так і ў наладжванне адносін паміж Апостальскім Пасадам і нашай краінай.

5. Хто такі Апостальскі Нунцый?

Слова “нунцый” паходзіць з лацінскага слова “nuntius”, што азначае вястун ці пасланнік.

Калі паміж краінамі ўстанаўліваюцца дыпламатычныя адносіны, то яны абменьваюцца пасламі, кожны з якіх прадстаўляе сваю краіну ў іншай. Роля пасла ў сучасным свеце павялічваецца з кожным днём. Гэта вынікае з агульнай сусветнай тэндэнцыі да збліжэння і развіцця адносін паміж рознымі краінамі, а таксама нарастаючых працэсаў глабалізацыі і сітуацыі ў свеце, калі для вырашэння тых ці іншых праблем неабходны непасрэдныя кантакты і цеснае супрацоўніцтва.

Нунцый — гэта пасол Ватыкана, асабісты прадстаўнік Святога Айца. Папа, як і прэзідэнт дзяржавы, не можа пастаянна прысутнічаць у іншай краіне і таму пасылае свайго прадстаўніка.

Вядома, што з Божага ўстанаўлення Папа з’яўляецца Вікарыем Хрыста на зямлі і бачным главою Каталіцкага Касцёла. Адначасова ён таксама з’яўляецца кіраўніком суверэннай дзяржавы Ватыкан, з усімі атрыбутамі міжнароднага права.

Таму мы маем вялікае шчасце, што пасля васьмімесячнага перарыву ў нашай краіне ізноў ёсць Апостальскі Нунцый. Ён прадстаўляе Папу і дзейнічае ад яго імя як дзеля дабра і развіцця мясцовага Касцёла і яго адносін з Апостальскім Пасадам, так і дзеля дабра народа краіны, у якой служыць, у нашым выпадку — Беларусі. З распачаццем яго дзейнасці непасрэдная сувязь з Папам і Апостальскім Пасадам выходзіць на новы этап. Нунцый — гэта мост, які аб’ядноўвае Беларусь і Касцёл у Беларусі з Апостальскім Пасадам.

6. Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый!

Нашы вернікі, і не толькі, сардэчна вітаюць Вас на гасціннай беларускай зямлі. Беларусь добра ведае, што азначае Нунцый для яе і якую ролю ён адыгрывае ў развіцці яе адносін з іншымі краінамі. Таму не толькі католікі, але і вернікі іншых веравызнанняў і нават няверуючыя цешацца Вашаму прыбыццю на нашу Бацькаўшчыну.

Ролю Ватыкана на міжнароднай арэне цяжка пераацаніць, і яго меркаванне сучасны свет усё больш і больш прымае да ўвагі. Вашае заданне як Апостальскага Нунцыя — дапамагаць мясцоваму Касцёлу развівацца згодна з агульнымі касцёльнымі тэндэнцыямі і рашэннямі Папы.

Такім чынам, Вы як Нунцый пакліканы да таго, каб быць голасам Папы на нашай Бацькаўшчыне, голасам, які неабходны ёй для развіцця адносін з Апостальскім Пасадам, голасам, які неабходны нам у дзейнасці Касцёла.

7. Падчас Вашага біскупскага пасвячэння 15 ліпеня г.г. у катэдры ў венгерскім горадзе Вац галоўны кансэкратар Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін выказаў спадзяванне, што дзякуючы Вашаму служэнню Беларусь стане яшчэ больш адкрытай на іншыя краіны, а яны, у сваю чаргу, больш адкрытымі на нашу Бацькаўшчыну.

Мы з’яўляемся сведкамі інтэнсіфікацыі адносін паміж Беларуссю і светам і спадзяёмся, што з Вашым прыйсцем яны стануць яшчэ больш плённымі.

Пасля свайго прыбыцця ў Беларусь Вы сказалі, што Святы Айцец Францішак выказаў надзею, што знойдзе час і магчымасць наведаць нашу краіну. Наш народ не страціў веры падчас жорсткіх ганенняў у часы атэізму. Калі прыйшлі часы свабоды, ён актыўна ўдзельнічаў у адраджэнні Касцёла і ўсцяж з надзеяй чакае візіту Пантыфіка, які вельмі патрэбны, каб умацаваць нашу веру, надзею і любоў, бо і наша краіна падвяргаецца згубным уплывам секулярызму. Ён патрэбны нашай Бацькаўшчыне, якая заслугоўвае таго, каб нага Наступніка св. Пятра ступіла на беларускую зямлю, зямлю мучанікаў і вызнаўцаў веры, якую атэістычны рэжым імкнуўся перамяніць у духоўную пустыню і якая адражаецца да новага жыцця.

Таму няхай Вашае служэнне як пастыра спрыяе далейшаму адраджэнню Касцёла і веры ў нашай краіне, каб сярод мітусні сучаснага свету наш народ выбіраў Бога, як да гэтага заклікае Хрыстус у сённяшнім Евангеллі. Няхай Вашы дыпламатычныя намаганні дадуць новы імпульс адносінам нашай Бацькаўшчыны з іншымі краінамі, каб гэты рух у двух кірунках далей развіваўся і ўмацоўваўся. Няхай адносіны з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, выйдуць на новы, вышэйшы ўзровень, надзеяй у чым з’яўляюцца традыцыйна добрыя экуменічныя адносіны ў Беларусі, новы імпульс якім дадала нядаўняя сустрэча Папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў Гаване.   

Дэвіз Вашага біскупскага служэння — гэта назва Пастырскай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» — «Радасць і надзея».

Ваша імя Габар на венгерскай мове азначае Габрыэль. Вядома, якую ролю адыграў арханёл Габрыэль у гісторыі Збаўлення. Менавіта ён прынёс Марыі радасную вестку аб тым, што з Яе народзіцца Збаўца і ажыццявіцца мара і надзея чалавецтва на збаўленне. Будзьце для Касцёла і нашай Бацькаўшчыны радасцю і надзеяй. Будзьце Габрыэлем, які абвесціць нам радасную вестку, што Папа едзе да нас! І няхай так станецца! Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі