Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з семінарыстамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.09.2016 11:10

5 верасня адбылася штогадовая сустрэча семінарыстаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам перад пачаткам новага навучальнага года. У сустрэчы прынялі ўдзел дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама адказны за выхаванне клерыкаў кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.


Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Арцыпастыр, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што такія сустрэчы з’яўляюцца вельмі добрай практыкай, бо дапамагаюць вырашыць шматлікія пытанні. Галоўнае ж — гэта Божае благаслаўленне на распачацце вучобы.


Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі нагадаў, што Хрыстус кожнаму абсалютна індывідуальна кажа: «Ідзі за мною». Іерарх, спасылаючыся на літургічныя тэксты, адзначыў, што час падрыхтоўкі да святарства з’яўляецца часам для пазбаўлення ад «старой закваскі». Гэта час, калі неабходна пазбыцца ўсяго таго, што можа перашкаджаць у служэнні святара.

Тлумачачы Евангелле, біскуп звярнуў увагу на тое, што нельга быць фарысеямі, якія збіраліся не столькі на малітву, якая іх зусім не цікавіла, колькі для таго, каб у нечым падлавіць Езуса. Хрыстус не адкладвае аздараўленне паралізаванага на заўтра, або на нейкі іншы дзень. Ён аздараўляе яго ў шабат, бо бачыць патрэбу паралізаванага і яго ўнутраную перамену. Так і ўласнае навяртанне, як падкрэсліў біскуп, нельга адкладваць на заўтра. Кожная хвіліна адпавядае таму, каб пазбаўляцца ад старой закваскі і набірацца новай.

«Хрыстус патрабуе кожнага з вас, патрабуе вашых рук, вуснаў, патрабуе вас, каб вы сталі Яго сведкамі ў сучасным свеце… Ён чакае вас!» — запэўніў семінарыстаў біскуп Касабуцкі.


У кожнага з семінарыстаў адбылася прыватная размова з Мітрапалітам Кандрусевічам. Дапаможныя біскупы і кс. Даўгіловіч-Навіцкі, між іншым, падзяліліся з будучымі святарамі ўспамінамі са свайго семінарыйнага жыцця, а таксама ўказалі на важнасць наследавання святых.


Дк. Раман Страшко,
фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.