Апостальства дапамогі душам чыстцовым: радасць сустрэчы і супольнай малітвы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
10.09.2016 21:32 |
10 верасня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася сустрэча ўдзельнікаў свецкага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якое аказвае духоўную падтрымку памерлым, ахвяруючы за іх Богу свае малітвы, працу, радасці і цярпенні. к
Па традыцыі сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Ігар Лашук, душпастыр руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На набажэнстве сабраліся, нібы адна вялікая дружная сям’я, малітоўныя групы Апостальства з розных парафій разам са сваімі душпастырамі.
Сустрэча працягнулася фармацыйнай катэхезай у дольным касцёле пад кіраўніцтвам сястры Анны Чайкоўскай WDC, якая належыць да Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым і з’яўляецца адказнай за Апостальства — свецкае адгалінаванне вялікай духоўнай сям’і Кангрэгацыі. Сястра Анна ў жывых і трапных вобразах распавяла ўдзельнікам сустрэчы пра тое, чаму душам чыстцовым вельмі моцна патрэбная наша дапамога і што з’яўляецца прычынай глыбокага смутку і цярпення памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы.
Прамоўца звярнула асаблівую ўвагу на тое, як мы можам прынесці палёгку гэтым няшчасным душам і як павінны клапаціцца аб ачышчэнні ўласных сэрцаў ужо тут, на зямлі. Па словах сястры, частае прыступанне да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, ахвяраванне Богу сваіх цярпенняў, прабачэнне, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і чытанне Божага слова, учынкі міласэрнасці і «гігіена» ўласных пачуццяў, няспыннае шуканне і выкананне волі Айца Нябеснага — усё гэта ачышчае нас і душы памерлых, з якімі мы яднаемся ў малітве, робіць нашыя сэрцы чулымі да дзеяння Духа Святога і гатовымі прыняць шматлікія Божыя ласкі.
Духоўная еднасць, якую ўдзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым мелі магчымасць яшчэ глыбей спазнаць падчас агульнага набажэнства, катэхезы і пачастунку, падчас асабістых размоваў і дзялення перажытым досведам, умацоўвала Апостальства і дапамагала знайсці адказы на шматлікія пытанні, якія часта хвалююць нас, створаных для вечнага жыцця, але яшчэ вандроўнікаў на зямных шляхах.
Ганна Шаўчэнка |
Фотарэпартаж |