Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа: «Аднавіць веру ў крыж і любоў да яго»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.09.2016 01:12

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі ў Мінску адбылася адпустовая ўрачыстасць. Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які наведаў гэтую парафію ўпершыню.

На пачатку Імшы біскуп асвяціў адноўлены галоўны алтар у касцёле.

У гаміліі іерарх адзначыў, што свята Узвышэння Святога Крыжа дапамагае кожнаму чалавеку ўзгадаць, «якой цаной ён быў збаўлены», «якое значэнне ў яго жыцці мае крыж», і «з большай любоўю туліць да свайго сэрца гэты знак збаўлення». Гэтае свята, па словах біскупа, «заахвочвае нас палюбіць гэты прыгожы знак, бо ён суправаджае нас праз усё жыццё — не толькі як бачны знак, але і як нябачны, які мы нясём, прымаючы цярпенні, клопаты, цяжкасці».

 Адкрыць у новым акне Download (16Мб)



«Мы вельмі часта цураемся гэтага знаку, баімся прызнацца перад іншымі, што мы — Хрыстовыя», — заўважыў іерарх і заклікаў вернікаў «мужна вызнаваць знак крыжа ўсюды».

Біскуп назваў крыж месцам «найбольшага праяўлення славы Езуса», «бо толькі Бог мог з дрэва ганьбы зрабіць дрэва збаўлення, радасці і шчасця».

Кажучы пра тое, знакам чаго павінен стаць для вернікаў крыж, іерарх вылучыў тры словы: мудрасць, любоў і пакора. «Сёння ўсім нам трэба аднавіць веру ў крыж і любоў да крыжа», — падкрэсліў біскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці.



На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп благаславіў крыжы і крыжыкі, якія па традыцыі прынеслі з сабой вернікі.

Пасля Імшы выступіў хор «Майскія квяты».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.