Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы
15.09.2016 14:09

Мінскі архікатэдральны касцёл, 15 верасня 2016 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Завяршыліся летнія канікулы, час адпачынку, але адначасова час пастырскай працы, якая не ведае перапынку, бо мы з людзей узятыя і для людзей пастаўленыя ў справах збаўлення і таму павінны заўсёды ім служыць.

Акрамя традыцыйных пастырскіх акцый мінулага лета, такіх, як усімі любімыя канікулы з Богам і да іх падобныя, неабходна адзначыць Будслаўскі фэст, Сусветныя дні моладзі і «Музычную майстэрню». Гэтыя падзеі яскрава дэманструюць маладосць і дынамічнасць Касцёла.

2. Распачынаецца новы этап нашага пастырскага служэння. Яно будзе напоўнена заўсёды актуальнай праблемай паляпшэння якасці катэхізацыі, аб чым я нагадваў у Пастырскім пасланні на новы катэхетычны год. Боьшую ўвагу неабходна звярнуць на пастырства сем’яў, беручы пад увагу Апостальскую адгартацыю Папы «Amoris letitiae» («Радасць любові»), якая ўжо выдадзена на беларускай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае пастырства моладзі, каб яна была яшчэ больш ініцыятыўнай і актыўнай у жыцці Касцёла і грамадства, каб загадзя не імкнулася на пенсію і не шукала канапавага стылю жыцця, — як падкрэсліў Папа Францішак падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

Нас чакаюць пастырскія падзеі паводле апрацаванага плану Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці і яго завяршэнне. Хачу звярнуць увагу, што не ва ўсіх парафіях праводзяцца адмысловыя набажэнствы, прысвечаныя Юбілейнаму Году, чаго не павінна быць. У першую суботу жніўня распачалася Навэнна да Маці Божай Фацімскай, як падрыхтоўка да юбілею 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў. Яе неабходна выкарыстаць з мэтай пашырэння культу Божай Маці і ўмацавання нашай веры. 13 кастрычніка распачнецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, якая павінна стаць значнай пастырскай акцыяй падрыхтоўкі і святкавання гэтага юбілею. Ужо сёння заклікаю пастыраў, кансэкраваных асобаў і вернікаў выкарыстаць час перэгрынацыі, якая павінна стаць дыяцэзіяльнымі Марыйнымі рэкалекцыямі.

Чакаюць нас і іншыя пастырскія праграмы, сярод якіх неабходна вылучыць сустрэчы на тэму паклікання, адвэнтавае і велікапоснае чуванні моладзі. І тут ізноў вялікая адказнасць кладзецца на плечы пробашчаў, бо, на жаль, маладыя людзі не заўсёды ведаюць, калі і дзе такія сустрэчы адбываюцца. Таксама неабходна ім дапамагчы туды даехаць.

3. Да паспяховага выканання гэтых заданняў мы павінны падысці з усёй адказнасцю. На жаль, не заўсёды так ёсць. Калі Папа выказвае сваю занепакоенасць стомленасцю моладзі і імкненнем да канапавага стылю жыцця, то мы не памылімся моцна, калі гэтую занепакоенасць аднясём таксама да нас, пастыраў.

Практыка пастырскай дзейнасці паказвае, што сярод нас, святароў і кансэкраваных асобаў, нярэдка пануе аптыя, незацікаўленасць, адсутнасць ініцыятывы. Мы задавольваемся руцінным пастырствам і плывём па цячэнні. Складваецца ўражанне, што мы больш клапоцімся пра сябе, чым пра давераных нашай пастырскай апецы людзей.

Сустракаючыся з духавенствам у Кракаве, Папа Францішак сказаў, што святарства павінна быць пазначана не адным, а некалькі напрамкамі. Гэта дарога ў адным напрамку, а менавіта тое, што калі мы выбралі Хрыста, то павінны застацца вернымі Яму заўсёды. Толькі тады мы будзем здольныя паспяхова выканаць давераную нам Божым Провідам місію.

4. Напэўна, гэта нялёгкае заданне ў наш час. Гэта крыж і цярпенне. Але праз Крыж Езуса мы былі збаўлены.

Так сталася, што сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Сем балесцяў Марыі. Яна, як і Яе Сын — Езус Хрыстус, — цярпела. Сённяшні ўспамін балесцяў Марыі — гэта ўспамін Яе духоўнага мучаніцтва і суцярпення разам з Хрыстом.

Якія гэта балесці?

- Найперш прароцтва старца Сімяона ў Ерузалемскай святыні, калі ён сказаў Марыі, што Яе сэрца праб’е меч. Марыя з радасцю нясе Немаўлятка Езуса ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць Яго Богу, а тут усімі паважаны Сімяон аб’яўляе аб чакаючых Яе цярпеннях.

- Далей пабег у Егіпет, каб уратаваць Немаўлятка Езуса ад забойчай рукі цара Ірада. Марыя ведала, што Яе бездапаможнае Немаўлятка — гэта Месія, Збаўца, Валадар сусвету, і Ён павінен уцякаць. Можам сабе толькі ўявіць, як нялёгка Ёй было перажыць такое.

- Наступнай балесцю Марыі было згубленне Езуса ў святыні. Яна з Юзафам Яго шукае. Падобна і кожная маці шукае сваё дзіця, якое згубілася, і моцна перажывае.

- Як цяжка было Марыі спаткаць свайго Сына, несправядліва асуджанага і нясучага крыж на Галготу. Ён, які чыніў дабро, асуджаны, як злодзей, і яна з болем сэрца суправаджае Яго на гэтым крыжовым шляху.

- Можам сабе толькі ўявіць што адбывалася ў душы Марыі, калі Яна стаяла пад крыжам, на якім у жудасных муках паміраў Езус. Ён, які абяцаў вечнае жыццё, сам памірае. Якой моцнай павінна была быць вера Марыі ў той час, каб цярпліва знесці ўсё гэта.

- А што Яна перажывала, калі ў Яе рукі перадалі нежывое Цела Яе Сына? Даўца жыцця, сам нежывы. Як такое магчыма?

- І, нарэшце, час пахавання, калі здавалася, што ўсё было дарма. Аднак Марыя ізноў не наракае, бо ведае, што цярпенні гэтага свету нічога не значаць у параўнанні з хвалой вечнасці. Яна ведае, што Яе Сын паўстане з памерлых.

Сённяшні ўспамін цярпенняў Марыі накіроўвае нашы сэрцы да Яе, якую не перамаглі цяжкасці і якая засталася вернай свайму пакліканню быць Маці Збаўцы.    

5. Прыклад Марыі павінен падбадзёрыць нас да ахвярнага служэння Божаму народу. Не наракаць, але служыць.

30 жніўня г.г. ў бернардынскім касцёле г. Гродна адбылося адмысловае набажэнства з нагоды 25-годдзя смерці кс. інфулата Міхала Арановіча, які 43 гады там служыў. Якімі былі гэтыя гады? Гэта былі часы жорсткага пераследу веры. Быў час, калі ён застаўся адзіным святаром у Гродне, у горадзе з вельмі вялікай колькасцю вернікаў. Але ён ніколі не наракаў, цэлебраваў святыя Імшы і ў кожны будні дзень з катэхетычнай гаміліяй, з ранку да вечара спавядаў, вянчаў, катэхізаваў, ездзіў да хворых і на пахаванні і г.д.

У мінулую нядзелю, 11 верасня, у Карагандзе ў Казахстане быў беатыфікаваны кс. Уладзіслаў Букавінскі. Вязень ГУЛАГаў, ён служыў да канца людзям, якія апынуліся ў такой жа сітуацыі. У свой час улады прапанавалі яму выехаць у Польшчу, але ён адмовіўся, каб не пакінуць бедных людзей адных. Патаемна вучыў іх праўдам веры, спавядаў, цэлебраваў Эўхарыстыю. Ардынарый дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску біскуп Юзаф Верт добра ведаў этага святара, які падрыхтаваў яго да першай споведзі і Камуніі.

Сёння цяжка сабе нават уявіць, як яны і да іх падобныя ў тыя часы маглі гэта ўсё выконваць. Маглі, бо ведалі, што іх ніхто не заменіць. Маглі, бо ведалі, што павінны ахвярна служыць, як служыў Езус. Маглі, бо святарства цанілі як вялікі дар і прывілей.

Няхай жа прыклад Марыі Балеснай і прыклад нешматлікіх святароў, якія не шкадавалі сябе для служэння людзям і дзякуючы якім вера захавалася, дапаможа нам у новым этапе нашага пастырскага служэння, які распачынаецца, быць сапраўднымі прыладамі ў Божых руках у справе іх збаўлення.

Маці Божая Балесная, выпрасі ў свайго Сына нам ласку і моц верна выконваць свае абавязкі на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі